Да віцебскага апазыцыянэра, які распаўсюджвае незалежную прэсу каля дому №28 па вуліцы Леніна ў Віцебску, прэтэнзіі выказалі спачатку супрацоўнікі ДАІ, а потым Чыгуначнага РАУС.
Апазыцыянэр распавёў, што сёньня каля першай дня недалёка ад таго месца, дзе ён распаўсюджвае газэты і часопісы, спынілася машына ДАІ. Міліцыянты падышлі да Барыса Хамайды і сказалі, што ён мае забароненую сымболіку – бел-чырвона-белую стужку, прывязаную да такіх самых колераў парасону.
Спадар Хамайда зьдзівіўся: зь якой пары ДАІ пачала глядзець за грамадзкім парадкам, і параіў міліцыянтам займацца іхнымі службовымі абавязкамі – выкрываць парушэньні дарожнага руху. Тады супрацоўнікі ДАІ прыгразіліся, што завязуць яго “на суткі” за нецэнзурную лаянку. Апазыцыянэр заўважыў, што гэтага не было, і сьведак яны ня знойдуць, але міліцыянты сказалі, што самі засьведчаць гэты факт.
Барысу Хамайду было загадана зьбірацца і садзіцца ў службовую машыну. Аднак, пакуль ён сабраўся, машына некуды зьнікла. Мінакі, якія назіралі за падзеямі, сказалі, што супрацоўнікаў ДАІ нехта выклікаў па рацыі, і яны зьехалі.
Апазыцыянэру зноў давялося ўсталёўваць парасон і складны столік. Каля 14.30 да яго пад’ехала іншая машына з -- Чыгуначнага РАУС. Міліцыянты патлумычалі, што загад на затрыманьне апазыцыянэра яны атрымалі пасьля паведамленьня з ДАІ. Але затрымліваць апазыцыянэра яны ня сталі – толькі параілі сысьці. Якраз такім самым часам спадар Хамайда звычайна і ідзе дахаты, таму ён сабраў рэчы і пайшоў. Міліцыянты яго больш не зачапілі.