14 траўня ў Горадні вынесены сьмяротны прысуд двум жыхарам гораду за патройнае забойства. Справа разглядалася ў абласным судзе, вёў працэс судзьдзя Пятро Бандык. Суд палічыў цалкам даказанай віну абодвух злачынцаў: першы зь іх Алег Грышкаўцоў, яму 29 гадоў, другому, Андрэю Бурдыку, 28.
Суд прызнаў абодвух вінаватымі ва ўчыненьні злачынстваў, прадугледжаных пп. 1, 6, 12, 15 ч. 2 арт. 139 (забойства дзьвюх і больш асоб з асаблівай жорсткасьцю, спалучанае з разбойным нападам, учыненае групай асоб), ч. 3 арт. 207 (разбой з нанясеньнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў), ч. 2 арт. 218 (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці шляхам падпалу), пп. 1, 6 ч. 2 арт. 182 (выкраданьне малалетняга групай асоб), ч. 2 арт. 207 (разбойны напад), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 205 (замах на крадзеж аўтамашыны), арт. 378 (крадзеж дакумэнтаў) Крымінальнага кодэксу.
Гісторыя гэтая была адразу агучана мясцовымі газэтамі, здарэньне адбылося ў кастрычніку мінулага году. Бурдыка і Грышкаўцоў забілі дзьвюх кабет і мужчыну ў кватэры на вуліцы Кабяка ў Горадні. Затым, каб схаваць сьляды забойства, яны падпалілі яе. Жывым пакінулі толькі хлопчыка, яму было адзінаццаць гадоў, ён — сын адной з ахвяраў. Затым Бурдыка і Грышкаўцоў напалі на кіроўцу таксоўкі, але той на запраўцы ўцёк. Тады яны паехалі дахаты, трымаючы пры сабе хлопчыка, якога застрашылі, што заб’юць, калі ён нешта раскажа.
Злачынства было раскрыта па гарачых сьлядох, там, дзе хаваліся злачынцы, былі знойдзеныя нажы са сьлядамі крыві і рэчы, скрадзеныя ў забітых. Хлопчыка, яго звалі Ільля, вызвалілі, фізычна ён не пацярпеў. На кватэру, дзе здарылася забойства, прыбылі пажарныя і адразу выявілі, што там знаходзяцца тры ахвяры.
Бурдыка і Грышкаўцоў дагэтуль мелі судзімасьці за крадзяжы, за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня, за хуліганства, за махлярства і за рабункі. Праўда, іх датэрмінова вызвалілі з калёніі ў Наваполацку.
Калі гаварыць пра рэакцыю гарадзенцаў, то пакуль пэўна можна сказаць толькі пра рэакцыю з боку карыстальнікаў інтэрнэту. Паведамленьне пра сьмяротны прысуд на мясцовым блогу s13.ru прачыталі дзьве з паловай тысяч чалавек, і тут ёсьць паўсотні камэнтароў.
Якія гэта камэнтары? Напрыклад такі: “Быў на судзе, шкада забітых, іх гэтым расстрэлам ня вернеш. Шкада бацькоў забойцаў, была страта прытомнасьці, гістэрыкі. Саміх забойцаў? Іх не шкада... Ня ведаю, як словамі перадаць свае адчуваньні, калі іх бачыў. З чалавечага ў іх, напэўна, толькі аблічча. Нават прысуд яны ўспрынялі без эмоцый. Можа адперажывалі сваё, а можа ім сапраўды ўсё роўна?”
Яшчэ адно разгорнутае меркаваньне: “Расстрэлам гэтых падонкаў ахвяраў ня вернеш. На мой погляд, неабходна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, як у большасьці цывілізаваных краінаў сьвету. А за ўчыненьне асабліва цяжкіх злачынстваў даваць пажыцьцёвы тэрмін, прычым прымушаць іх працаваць да канца іхняга нікчэмнага жыцьця, а сродкі, імі заробленыя, пераводзіць на рахункі сваякоў забітых. Так будзе нашмат больш гуманна”.
Другая думка на гэтую тэму: “Утрыманьне аднаго зьняволенага за месяц каштуе прыблізна паўтара мільёна рублёў. Значыцца — адлічваць грошы сем’ям забітых — з галіны фантастыкі”.
___________________________________________________________________________
Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя», пры канцы сакавіка 2010 году ў Беларусі былі расстраляныя 2 чалавекі – 25-гадовы Андрэй Жук і 30-гадовы Васіль Юзяпчук. Асуджаныя Юзяпчук і Жук падалі скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН, аднак, нягледзячы на тое, што іх звароты яшчэ не былі разгледжаныя, іх пакаралі сьмерцю. Рада Эўропы рашуча асудзіла выкананьне двух сьмяротных прысудаў у Беларусі.
У чэрвені 2009 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы паставіла Беларусі ўльтыматум аб вяртаньні статусу адмыслова запрошанай краіны толькі пры ўмове ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне.
Паводле праваабаронцаў, з часу абвяшчэньня краінай незалежнасьці ў 1991 годзе такіх прысудаў было вынесена болей за 400.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе караюць сьмерцю.