Апытаньне «Свабоды»: «Як вы ставіцеся да бел-чырвона-белага сьцяга?» Адказвалі жыхары Магілёва.
Малады спадар: «Гэта наш даволі значны гістарычны сымбаль. Яго трэба шанаваць, як любы гістарычны сымбаль, які меў велізарнае значэньне для нашай краіны. Калі людзі не цікавяцца сваёй гісторыяй, сваім мінулым, імі прасьцей кіраваць».
Спадарыня: «У прынцыпе я стаўлюся станоўча, бо цяперашні сьцяг — ня тое, што ён мяне раздражняе дапусьцім, але асацыяцыйны рад толькі з Савецкім Саюзам. Але ж час той даўно мінуў».
Малады спадар: «Цалкам станоўча. Мы павінны быць нейкімі асаблівымі, каб нас паважалі. Калі ўсе будуць аднолькавымі, то які сэнс тады нашай дзяржавы? Мы тады можам разам з Расеяй быць. А так мы адрозьніваемся. Мы асобная нацыя, асобная дзяржава».
Спадар: «Нармальна стаўлюся. Гэта сымбаль Беларускай Народнай Рэспублікі. Для мяне, напрыклад, гісторыя — яе трэба паважаць адназначна. Улада, відаць, лічыць, што калябаранты падчас вайны выкарыстоўвалі яго — значыць, сьцяг запэцкаў сябе. Хаця якая віна яго ў гэтым?»
Юнак (студэнт). «Па сутнасьці, ніяк. Цяпер моладзь не цікавіцца гэтымі пытаньнямі. Ёсьць некаторыя, аднак у іх інтарэс больш фанатычны, чым патрыятычны».
Спадарыня: «Я стаўлюся добра, бо некалі была такая пара, што мы ўсе сядзелі пад гэтым сьцягам. Значыць, верылі, укладалі туды нешта. І зараз я засталася зь бел-чырвона-белым сьцягам».
Спадар: «Адмоўна. Я патрыёт радзімы. Былы камуніст, прайшоў Аўган, таму я веру ў рэспубліку, у сапраўдную беларускую. А гэты сьцяг — атрымліваецца канфрантацыя. Навошта варажнечу чыніць?»
Спадар: «Калі быў дзяржаўным сьцягам бел-чырвона-белы, то тады ж нічога кепскага не адбывалася. У зьмене сьцягу не было такой пільнай неабходнасьці. Быў рэфэрэндум, што паробіш».
Юнак (студэнт). Ня дужа станоўча. Я студэнт. Вучуся на гістарычным факультэце. Я прыхільнік і сучаснага ладу, і парадку. Арнамэнт беларускі прысутнічае, а эўрапейская геральдыка да нашай усходняй ніяк не адносіцца. Мы такія ж эўрапейцы, як і казахі і ўкраінцы«.
Спадар: «Мне дужа балюча, што ў нашай краіне няма фактычна сьцяга, бо сьцяг часткі Савецкага Саюзу ня можа быць дзяржаўным сьцягам Беларусі, калі яна прэтэндуе на нейкую гісторыю, мову, культуру…»