Славянскі гей-парад пройдзе ва ўмовах забароны

Кіраўнік праваабарончага праекту «Гей-Россия» Мікалай Алексееў і «Гей-Беларусь» Сяргей Андросенка.

У Менску адбудзецца шэсьце, заплянаванае ў рамках Славянскага гей-прайду, які праходзіць у Беларусі 14-17 траўня. Шэсьце прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі па вуліцах гораду адбудзецца ва ўмовах забароны акцыі з боку Менгарвыканкаму. Арганізатары заяўляюць, што мэта акцыі — прыцягнуць увагу беларускай і міжнароднай грамадзкасьці да парушэньняў правоў сэкс-мяншыняў.

Сяргей Андросенка
Заяўнікі шэсьця меркавалі правесьці акцыю ў суботу, 15 траўня, па маршруце: Белдзяржфілярмонія — праспэкт Незалежнасьці — Нацыянальная акадэмія навук. Фармальная прычына забароны — немагчымасьць правядзеньня масавых акцыі бліжэй, чым за 200 мэтраў ад падземных пераходаў і станцыяў мэтро. Арганізатары акцыі зьвярталіся па дапамогу да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, але адказу не атрымалі, а таму вырашылі не адмаўляцца ад сваіх плянаў, паведаміў кіраўнік праваабарончага камітэту «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка:

«Ва ўмовах забароны шэсьця і ва ўмовах інфармацыі, якая да нас паступала, пра дробныя групы контраманіфэстантаў, мы прынялі рашэньне, што публічная акцыя Славянскага гей-прайду — гэтае шэсьце — адменена ня будзе. Мы прынялі рашэньне, што каб удзельнікі мірнага шэсьця не сутыкнуліся са злачынцамі, якія жадаюць прымяніць фізычны гвалт — а гэта злачынства, — каб не сутыкацца са злачынцамі, мы вырашылі не абвяшчаць пра месца правядзеньня шэсьця, хоць першапачаткова мы плянавалі правесьці акцыю каля Менгарвыканкаму. Хоць мы таксама разумеем, што вельмі часта рашэньні ў Беларусі прымаюцца значна вышэй за ўзровень Менгарвыканкаму».

Мікалай Алексееў
Славянскі гей-прайд 2010 у Менску арганізаваны беларускімі і расейскімі прадстаўнікамі сэксуальных мяншыняў. Славянскі гей-прайд яны называюць супольнай праваабарончай арганізацыяй, якая мае на мэце адстойваньне правоў сваёй сацыяльнай групы. Прыцягнуць увагу беларускай і міжнароднай грамадзкасьці да парушэньня сваіх правоў і ёсьць галоўнай задачай шэсьця, паведаміў арганізатар з боку Расеі Міхаіл Аляксееў:

«Мы не выступаем за зьмену палітычнага ладу, мы не выступаем за зьмену дзейнага рэжыму — гэта ня наша задача. Мы выступаем за грамадзянскія правы пэўнай сацыяльнай групы — геяў, лесьбіянак і іншых. Мы не змагаемся за палітычную ўладу. Для нас важна захаваньне правоў асобаў гомасэксуальнай арыентацыі. І за гэта мы змагаемся».


Цягам трох дзён, калі ў Менску будзе праводзіцца Славянскі гей-прайд, маюць адбыцца кінапрагляды, канцэрты і сустрэчы. Ужо праведзены праваабарончы сэмінар на тэму паводзінаў удзельнікаў шэсьця падчас затрыманьня. Афіцыйнае адкрыцьцё Славянскага гей-прайду заплянаванае на 20 гадзіну вечара, яно пройдзе ў менскім гатэлі «Краўн Плаза».