А.Казулін: “Буду браць удзел толькі ў тым, што можа прынесьці вынікі”

Былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Казуліна аштрафавалі ў сераду на 700 тысяч рублёў за падзеі 6-га траўня, якія адбыліся пасьля суду над Мікалаем Аўтуховічам. Казуліна абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.



Знаткевіч
: У свой час Эўразьвяз і ЗША дабіваліся вашага вызваленьня з турмы, вызваленьня іншых палітвязьняў, у абмен афіцыйнаму Менску абяцалі паляпшэньне адносінаў. Цяпер ізноў ёсьць асуджаныя з палітычным падтэкстам. Што, на вашую думку, можа зрабіць Захад, і што варта рабіць у гэтай сытуацыі?

Казулін: Нядаўняя рэзалюцыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ўсяляе аптымізм. Але адначасна няма ніякай рэакцыі з боку Эўрапарлямэнту. У нас цяпер павялічваюцца палітычныя рэпрэсіі. Але ніякіх няма пастаноў, рэзалюцыяў у адносінах да таго, што адбылося з Аўтуховічам, да таго, што адбываецца зь Сяргеем Каваленкам. Рэпрэсіі набіраюць сілу ня толькі ў цэнтры, але і ў рэгіёнах – тых, хто нешта робіць, хто актыўна падымае галаву, усіх прасуюць, прычым прасуюць вельмі моцна. І калі няма рэагаваньня з боку Эўрапейскага парлямэнту, гэта выклікае зьдзіўленьне.

Знаткевіч: Вы лічыце, што эўрапейскім структурам варта было б заняць цяпер больш жорсткую пазыцыю ў адносінах да беларускіх уладаў?

Казулін: Трэба заняць проста ясную пазыцыю. Бо калі хістаньні, калі пазыцыя “і вашым, і нашым”, калі ня кажуць, што такое добра, а што дрэнна, тады незразумела, на якім падмурку ўсё трымаецца. Няясна, што цяпер галоўнае – каштоўнасьці ці той прагматызм, пры якім для ўяўнай стабільнасьці робяцца зусім незразумелыя рэчы.

Знаткевіч: У блізкай будучыні пачнецца прэзыдэнцкая кампанія. Ці маеце вы намер ісьці ў прэзыдэнты?

Казулін: Я прайшоў ужо свой шлях. І маю пэўны досьвед. Я буду браць удзел толькі ў тым, што можа прынесьці пэўныя вынікі. А браць удзел у тым, што не дае выніку, я лічу для сябе немагчымым. Браць удзел у выбарах у якасьці дэкарацыі – гэта для мяне проста сорам.

Знаткевіч: Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк заклікаў да байкоту гэтых выбараў. Што вы думаеце пра такі заклік?

Казулін: Мясцовыя выбары паказалі, што людзі іх фактычна байкатавалі. Улады падалі лічбы, зь якіх вынікае, што ў нас такая высокая актыўнасьць, але ў каго ні папытаесься, кажуць, што не хадзілі на выбары. Калі ўжо ўлады паказалі, што ў Менску 58 адсоткаў, то ясна, што ў Менску ня больш, чым 20 – 25 адсоткаў было. Гэта фактычна байкот – людзі стаміліся ад таго, што іх ня лічаць за людзей, што іх голас нікому не патрэбны.

Знаткевіч: То бо вы падтрымліваеце ідэю байкоту...

Казулін: Калі б байкот быў агульнай справай і калі б у гэтай справе ўзялі ўдзел усе палітычныя сілы і ўся дэмакратычная супольнасьць, тады гэта была б моцная ідэя і магла б мець моцны вынік. Але ж мы добра ведаем, што ў тых умовах, якія сёньня ёсьць, калі ўжо ці ня сем чалавек заявілі, што ідуць у прэзыдэнты, агульны байкот проста немагчымы.

Знаткевіч: На вашую думку, ці можа апазыцыя аб'яднацца вакол ідэі, што паўнацэнныя выбары магчымыя толькі без удзелу Аляксандра Лукашэнкі?

Казулін: У нас ёсьць усяго два выйсьці: або дэмакратычныя выбары, калі мы будзем мець магчымасьць назіраць за падлікам галасоў, або варыянт, калі ў нас дэмакратычная супольнасьць кансалідуецца і пойдзе адзіным фронтам супраць бесчалавечнага рэжыму.

Знаткевіч: А вы падтрымалі б адзінага кандыдата, калі б розныя палітычныя сілы ўсё ж такі змаглі дамовіцца аб гэтым?

Казулін: Вядома. Больш за тое, на паседжаньнях Рады інтэлігенцыі я заявіў, што любога, каго выбера рада на сваім галасаваньні, я буду падтрымліваць і шчыра працаваць на яго. Таксама я прапанаваў, каб у тым разе, калі лідэры ня змогуць дамовіцца, спыніцца на іншай асобе, на асобе, якая карыстаецца аўтарытэтам у беларускім грамадзтве.

Знаткевіч: Але ці няма тут супярэчнасьці: вы сказалі, што падтрымалі б адзінага кандыдата, але, з другога боку, сьцьвярджаеце, што мясцовыя выбары паказалі, што рэальных выбараў у Беларусі няма. Ці зможа той адзіны кандыдат, на якога будуць працаваць усе палітычныя сілы, нечага дабіцца пры цяперашніх умовах і практыцы правядзеньня выбараў?

Казулін: Відавочна, што ніхто не зьбіраецца падлічваць галасы. Гэта паказалі і мясцовыя выбары, дзе з 21 тысячы дэпутатаў ад дэмакратычнай супольнасьці абрана толькі 10. Гэта прыблізна 0,04 адсотка. Усё відавочна.

Але цяпер тая сытуацыя, якая вельмі спрыяе пераменам. Сацыяльна-эканамічная напружанасьць становіцца ўсё большая. У Лукашэнкі няма ўжо ранейшых рэсурсаў, каб гэтую сытуацыю ўтрымліваць. Мала таго, калі была прынятая рэзалюцыя ПАРЭ, то ўпершыню Расея падтрымала такую рэзалюцыю. І калі б была адзіная пазыцыя, у выніку гэтыя будучыя выбары былі б прызнаныя нелегітымнымі ня толькі з боку Захаду, але і з боку Расеі.