Беларусь працуе над стварэньнем агенцтва па прыватызацыі ня дзеля МВФ, а з-за аб’ектыўных абставінаў, — заявіла ў сераду на прэсавай канфэрэнцыі дырэктар Фонду дзяржаўнай маёмасьці Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Натальля Жарнасек. Яна паведаміла, што ўжо падрыхтаваны ўказ прэзыдэнта аб стварэньні гэтага агенцтва і ён знаходзіцца «на разглядзе кіраўніка дзяржавы». Ці можна сказаць, што беларускія ўлады ўжо сапраўды зразумелі неабходнасьць прыватызацыі для эканамічнага разьвіцьця краіны? Ці можа гэтая прыватызацыя стаць сапраўднай і ўсебаковай? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.
Цыганкоў: Ці верыце вы заявам беларускіх чыноўнікаў, што кіраўніцтва краіны сапраўды гатовае да сур’ёзнай прыватызацыі?
Злотнікаў: Я нагадаю, што згодна з абяцаньнямі, якія ўлады давалі МВФ, гэтае агенцтва мусіла быць створанае яшчэ летась. Але гэтага не адбылося. І зараз, аказваецца, гэта патрэбна ўжо самой Беларусі.. Цяжка ў гэта паверыць, бо такая заява акурат супала зь візытам дэлегацыі МВФ у Беларусь. Я думаю, сама Жарнасек верыць у тое, што яна сказала. Аднак не ад яе залежыць, ці будзе прыватызацыя, ці не, ці гэта толькі гульня з МВФ. Я ня стаўлю пад сумнеў яе словы, але магу прагназаваць, што сапраўднай прыватызацыі пакуль не адбудзецца.
Цыганкоў: Пра прыватызацыю гаварыў і Аляксандар Лукашэнка падчас пасланьня парлямэнту. Таксама ёсьць зьвесткі пра праект аб лібэралізацыі, якія нібыта ўжо існуе. Чаму вы захоўваеце скептыцызм? Чаго, на вашу думку, баяцца ўлады, чаму яны асьцерагаюцца рэальнай прыватызацыі?
Злотнікаў: Па-першае, палітычная ўлада залежыць ад таго, у чыіх руках будзе маёмасьць.
Лукашэнка будзе імкнуцца да таго, каб прыватызацыя была толькі па форме, каб прыватызаваныя прадпрыемствы былі падкантрольныя ўладзе.
Гэта адбываецца і зараз. Мы ведаем, што нават на прыватных прадпрыемствах ёсьць намесьнікі па ідэалёгіі. Прыватныя прадпрыемствы мусяць выконваць правілы цэнаўтварэньня, якія вельмі моцна абмяжоўваюць свабоднае цэнаўтварэньне. Прыватныя прадпрыемствы мусяць выконваць прагнозныя паказьнікі павялічэньня вытворчасьці прамысловай прадукцыі. Так што па сутнасьці гэтыя прадпрыемствы застаюцца нібыта дзяржаўнымі.
І калі і будзе якая прыватызацыя, то такая, каб не аддаць уладу над прадпрыемствамі нават іхнім фармальным уласьнікам. Бо на самой справе ўсё роўна будзе камандаваць дзяржава. Вось такая прыватызацыя можа быць.