У Вене сёньня – апошні дзень грамадзкіх слуханьняў па беларускай АЭС

Двухдзённыя кансультацыі і грамадзкія слуханьні па справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АУНА) будучай беларускай АЭС завершацца сёньня ў Вене.
Як падае "Інтэрфакс-Захад", у склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі спэцыялісты Мінэнерга, міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, РМПЦ "Гігіена", міністэрства аховы здароўя, а таксама рэспубліканскага навуковага цэнтра "Інстытут радыялёгіі".

У канцы траўня плянуецца правядзеньне кансультацый з польскім бокам ў Варшаве.

У Мінэнэрга нагадваюць, што Беларусь, у адпаведнасьці з Канвэнцыяй аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце, праводзіць кансультацыі і грамадзкія слуханьні ва ўсіх краінах, якія выказалі жаданьне абмеркаваць магчымыя пагрозы беларускай АЭС.

Беларусь ужо правяла грамадзкія слуханьні ў Літве, Латвіі і Ўкраіне. Раней, акрамя гэтых краін, зацікаўленасьць у правядзеньні слуханьняў выказвалі Аўстрыя і Польшча. Такім чынам, у канцы траўня афіцыйныя органы Беларусі разьлічваюць завяршыць працэдуру слуханьняў па справаздачы (АУНА) і пачаць дапрацоўку гэтага дакумэнту улікам усіх заўваг, выказаных краінамі, дзе такія слуханьні і кансультацыі адбыліся. Пасьля завяршэньня дапрацоўкі справаздача будзе накіравана на дзяржаўную экалягічную экспэртызу і прадстаўленая ў МАГАТЭ.

Між тым, як паведамляюць сёньня некаторыя беларускія электронныя СМІ, Літва 7 траўня дала афіцыйнае заключэньне па пададзенай Беларусьсю справаздачы аб АУНА, у якім выказалася супраць будаўніцтва АЭС у Гарадзенскай вобласьці. Слуханьні па справаздачы АУНА адбыліся ў Вільні 2 сакавіка.

Супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі выступаюць і незалежныя беларускія і расейскія экспэрты.