У Менск зноў едуць экспэрты МВФ

У Менск прыбываюць экспэрты Міжнароднага валютнага фонду на чале з кіраўніком місіі па Беларусі Крыстафэрам Джарвісам. Праца місіі будзе доўжыцца да 25-га траўня. Лукашэнка 4 траўня заяўляў, што Беларусь больш ня будзе пазычаць грошай у МВФ.
Афіцыйна праца пачнецца заўтра і завершыцца 25 траўня. Паведамляецца, што падчас перамоваў з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў будуць закранутыя пытаньні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны, грашова-крэдытнай і падатковай палітыкі. Гэтаксама будзе перагледжаны макраэканамічны прагноз для Беларусі, абмеркаваны рэжым валютнага курсу.

Раней беларускія ўлады заяўлялі пра магчымасьць абмеркаваньня новай крэдытнай праграмы. Аднак у інтэрвію агенцтву "Рэйтэр" 4 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь ня будзе прасіць МВФ аб новых праграмах крэдытаваньня на тле ажыўленьня эканомікі, але разьлічвае на кансультацыі спэцыялістаў фонду па эканамічнай палітыцы.