Афіцыйную пазыцыю суседзяў падрыхтавала Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя. Пра гэта сёньня перадае агенцтва DELFI. Гэты дакумэнт будзе перададзены беларускім уладам.
Літоўцы занепакоены будаўніцтвам АЭС у Астравецкім раёне, усяго ў 55 кілямэтрах ад Вільні. У дакумэнце выкладзеныя крытыка абранай пляцоўкі, зьвяртаецца ўвага на тое, што беларуская справаздача няпоўная, што недастаткова падрабязна апісаны рэактар, незразумелы парадак утылізацыі радыёактыўных адкідаў і г.д.
Літоўскі бок зьвяртае ўвагу на тое, што беларуская АЭС вытрымае толькі падзеньне лёгкага самалёту:
"Гэта азначае, што яна ня будзе абароненая ад магчымага падзеньня грамадзянскага авіялайнэру. У сьвеце ўсё болей краін з улікам магчымых тэрактаў прымаюць патрабаваньне, каб новыя АЭС маглі вытрымаць падзеньне вялікіх грамадзянскіх авіялайнэраў. Такога патрабаваньня будзе прытрымлівацца і Літва. Літва лічыць непрымальным устаноўку рэактару, які не адпавядае гэтаму патрабаваньню," – цьвердзіць Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя Літвы.