Літва разглядае беларускія прапановы аб бязьвізавым руху

  • БелаПАН
Літоўскі бок разглядае прапанову беларускіх уладаў аб унясеньні зьменаў у праект пагадненьня аб малым прымежным руху. Пра гэта сёньня паведаміў пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас.

Пасол Літвы паведаміў, што "зь літоўскага боку праект дакумэнта быў цалкам ўзгоднены да 16 верасьня 2009 году".

Як вядома, некалькі тыдняў таму Вільня атрымала зварот беларускага боку з просьбай разгледзець магчымасьць уключэньня ў праект пагадненьня палажэньня аб абавязковай рэгістрацыі грамадзян Літвы на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым дыплямат адзначыў, што беларусам у Літве такая рэгістрацыя не патрэбна.

Пагадненьне аб бязьвізавым руху для жыхароў прыгранічнай 50-кілямэтровай зоны з абодвух бакоў мяжы плянавалася падпісаць яшчэ ў верасьні мінулага году, падчас візыту ў Вільню Аляксандра Лукашэнкі. Аднак нібыта з-за тэхнічных прычын падпісаньне дагэтуль адкладваецца.

Як заявіў 30 красавіка журналістам літоўскі прэм'ер-міністр Андрус Кубілюс пасьля сустрэчы ў Вільні з беларускім калегам Сяргеем Сідорскім, Літва разьлічвае "найбліжэйшым часам" падпісаць з Беларусьсю пагадненьне аб 50-кілямэтровай бязьвізавай зоне.

Літоўскі прэм'ер ня ўзяўся ацэньваць, чаму пагадненьне аб спрошчаным перамяшчэньні праз дзяржаўную мяжу для жыхароў прыгранічча такі доўгі час не знаходзіла згоды ў Менску. "Магчыма, справа проста ў тэхнічных праблемах", — сказаў ён.

Сідорскі, у сваю чаргу, паведаміў, што беларускі ўрад пасьля доўгай затрымкі разгледзеў гэтую ініцыятыву і накіраваў адказ літоўскаму Кабінэту міністраў.