Афіцыйны Менск успомніў пра сілы

Сталая камісія Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах пагадзілася з неабходнасьцю ратыфікаваць законапраект аб калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Чаму гэтае пытаньне зноў паўстала цяпер?

Нагадаем, у чэрвені мінулага года бальшыня лідэраў краін АДКБ падпісала дамову аб калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня. Аляксандар Лукашэнка не прыехаў тады на гэтае пасяджэньне ў Маскву з-за "малочнай вайны" з Расеяй. Аднак пасьля сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам ў Сочы, у кастрычніку мінулага года кіраўнік Беларусі падпісаў гэтую дамову. І толькі цяпер дакумэнт разгледзела камісія Палаты прадстаўнікоў. Паводле старшыні камісіі Сяргея Маскевіча, магчыма, на гэтай сэсіі пагадненьне будзе ратыфікавана.

"Мы атрымалі яго ня так даўно. Пытаньне няпростае, таму і вывучалася ва ўрадзе і іншых установах. Як мы яго атрымалі, адразу зьвярнуліся. Камісія прапануе выносіць на ратыфікацыю гэтае пагадненьне. Нікуды мы не сьпяшаемся. Куды ж мы сьпяшаемся, калі мы падпісалі самымі апошнімі, калі ўжо гэтыя сілы былі створаныя ў межах АДКБ, арганізацыі, у якой Беларусь ўдзельнічае ад самага пачатку. Мы нікуды не сьпяшаемся. Мы апошнімі далучыліся да гэтага пагадненьня аб стварэньні такіх сіл. І будзем ратыфікаваць згодна з тым, як гэта будзе разглядацца і ратыфікавацца ў іншых краінах".


Ад беларускага войска -- падразьдзяленьне спэцназу


Афіцыйны Менск вызначыў склад сілаў і сродкаў. Ад узброеных сілаў у склад калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня будзе выдзелена падразьдзяленьне спэцназу. Аднак, паводле Сяргея Маскевіча, беларусы ня будуць удзельнічаць у вайсковых апэрацыях на тэрыторыі іншых краінаў.

"Ніхто ня можа прыняць ніякага рашэньня без кіраўніцтва краіны. Наогул, калі будзе неабходнасьць выкананьня такіх міратворчых дзеяньняў, выключна пра гэта можа ісьці справа, дык будуць спэцыяльна падрыхтаваныя людзі, якія могуць выконваць гэтыя функцыі. І толькі пры наяўнасьці абсалютнай згоды кіраўнікоў усіх краін-удзельніц арганізацыі".

Паводле вайсковага аглядальніка газэты "Беларусы і рынак" Аляксандра Алесіна, разгляд дамовы ёсьць крокам насустрач Расеі, якая хоча атрымаць у выглядзе АДКБ аналяг НАТО:

"Было пытаньне, наколькі гэта адпавядае канстытуцыі Беларусі, якая забараняе ўдзел ў вайсковых дзеяньнях за межамі тэрыторыі краіны. Але там ёсьць такі пралаз, што міліцэйскі спэцназ ня лічыцца вайскоўцамі і з дазволу прэзыдэнта можа ўдзельнічаць у выкананьні паліцэйскіх функцый. То спэцназ, вайсковыя падразьдзяленьні, як было агаворана нашым МЗС, будзе задзейнічаны сіламі АДКБ на тэрыторыі Беларусі. То бок зона адказнасьці – будзе зона дзеяньня адзінай групоўкі Беларусі і Расеі. Калі тут будуць падразьдзяленьні АДКБ, то толькі пад кіраўніцтвам беларускага камандаваньня".


АДКБ -- "козыр у рукаве беларускага кіраўніцтва"


Чаму менавіта цяпер афіцыйны Менск зноў падняў гэтае пагадненьне? Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што дамова пакуль застаецца ў падвешаным стане і гэта козыр у рукаве беларускага кіраўніцтва.

"Зьвязана гэта з тым, што зараз абвастрыліся стасункі з Масквой, я маю на ўвазе сюжэт з Бакіевым, на глебе якога адбылося палемічнае процістаяньне. І зараз беларускі кіраўнік рубам паставіў пытаньне, а навошта нам такі АДКБ, маўляў, які ня можа вырашаць гарачыя пытаньні. Беларускае кіраўніцтва дзейнічае ў сваім амплюа. Гэта такі лёгкі момант шантажу, бо АДКБ гэта вельмі адчувальны для Масквы праект. Гэта адзін зь яе палітычных праектаў па ўтрыманьні ўплыву на постсавецкім абсягу".