Напярэдадні 65-й гадавіны Дня Перамогі кампанія “Гавары праўду” заклікае ўшанаваць памяць Васіля Быкава – слыннага пісьменьніка праўды пра вайну. Такім чынам – 7 траўня, Усходнія могілкі, збор – на ўваходзе аб 11-й гадзіне.
Гаворыць паэт Уладзімір Някляеў, чыімі высілкамі на магіле Васіля Уладзіміравіча усталяваны помнік-валун:
"Васіль Быкаў – асоба для Беларусі знакавая. Ці памятаем мы свае знакі – пытаньне сёньня надзвычай актуальнае. Дык давайце ўшануем тых, хто ведаў тую вайну не па кнігах. І праўду пра тую вайну – пісаў.
Сапраўднае чалавечае – гэта памяць. Памяць ва ўсіх сэнсах – і высокім, і звычайным, жыцьцёвым. Прыйсьці перад сьвятым днём, прынесьці кветкі, словы праўдзівыя сказаць, справы добрыя згадаць – гэта па-людзку, па-беларуску".