Моладзь выказала патрабаваньні кандыдатам на прэзыдэнта

Прадстаўнікі 12 моладзевых арганізацый правялі сумеснае паседжаньне, на якім падпісалі Мэмарандум і прынялі дзьве рэзалюцыі.

У паседжаньні ўдзельнічалі моладзь БХД, «Малады Фронт», моладзь БНФ, «Правы альянс», моладзь кампаніі «Гавары праўду», моладзь руху салідарнасьці «Разам», «Вольная моладзь», «Маладая Беларусь», «Ініцыятыва», маладыя дэмакраты, моладзь Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і моладзь сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада».

Падчас паседжаньня моладзевыя актывісты прынялі рэзалюцыю, у якой заявілі, што не прызнаюць выбары ў мясцовыя саветы і лічаць гэтыя органы самаабвешчанымі.

У другой рэзалюцыі маладыя людзі заявілі аб падтрымцы кандыдата на прэзыдэнта, які зробіць усе магчымыя захады для яднаньня зь іншымі апазыцыйнымі сіламі, закліча людзей на пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў.

У сваю чаргу, актывісты ўзялі на сябе адказнасьць за мабілізацыйную кампанію і арганізацыю вулічных акцый у выпадку фальсыфікацыі выбараў.

Падпісанты «Мэмарандуму беларускай моладзі» заклікалі ўсіх кандыдатаў на прэзыдэнта ад пачатку сваёй перадвыбарчай дзейнасьці заклікаць людзей ня толькі прыходзіць на выбарчыя ўчасткі, але й на плошчу ў дзень галасаваньня.

А на плошчы ён абавязаны патрабаваць і адстойваць сапраўдны падлік галасоў і дамагацца справядлівых выбараў.

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч паведаміў «Свабодзе», што прадстаўнікі моладзевых арганізацый правядуць бліжэйшым часам новую сустрэчу для каардынаваньня сваіх дзеяньняў.