“У нашай “квітнеючай” Беларусі страшна хату пакінуць без нагляду: могуць разабраць на дровы”

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 5 траўня 2010 году

Калі меркаваць па афіцыйна абвешчаных выніках мясцовых выбараў, людзі ў Беларусі цалкам давяраюць уладзе, татальна галасуюць за яе вылучэнцаў і не жадаюць ніякай альтэрнатывы. У рэальным жыцьці, аднак, даводзіцца назіраць і чуць зусім іншае. Расчараваньне, незадаволенасьць, пачуцьцё безнадзейнасьці і стомленасьці — вось якія настроі найчасьцей можна ўлавіць у размовах людзей, калі яны дзеляцца меркаваньнямі пра ўладу. Гэтыя ж матывы часта гучаць і ў пошце "Свабоды".

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэту тэму, які даслаў наш даўні сябар Віктар Кляноўскі з пасёлка Друя Браслаўскага раёна. Слухач піша:

“Вынікі палітыкі чаркі і скваркі добра бачу на прыкладзе свайго пасёлка Друя. За мінулую зіму ў нас зарэзалі трох пэнсіянэраў — паквапіліся на іхныя пэнсіі, што няшчасныя зьбіралі на сьмерць. Выжыць удалося толькі аднаму — праз рэанімацыю. Я спачатку думаў, што гэта зрабілі “адмарозкі з апазыцыі”: кожнаму, хто глядзіць БТ, вядома, якія там злачынныя элемэнты заселі. Аднак выявілася, што гэта справа рук піянэраў з квітнеючай Беларусі.

На словах у нас створана моцная сацыяльная дзяржава, дзе галоўнае — гэта клопат пра чалавека. А ў рэчаіснасьці? Вось маёй маме восьмы дзясятак гадоў. Усю мінулую зіму яна адтэлефанавала — то ў лясьніцтва, то ў сельсавет. І ў старшыні Браслаўскага выканкаму была на прыёме. Ва ўсіх прасіла дроў. Ніхто не дапамог. А прывёз урэшце рэшт прыватнік, прадпрымальны чалавек.

У нас за ракой — Латвія. Афіцыйная прапаганда апісвае, якое там жабрацтва. Дык вось, у гэтай беднай Латвіі які парадак? Сёньня замовіў дровы — праз тыдзень табе іх прывезьлі. Хочаш — трэскамі, хочаш — цурбакамі, хочаш — запалкамі…І кошты ў нас тут заходнія: 230 тысяч — трактарны прычэп паўгнілой двухмэтроўкі. Ды яшчэ і кланяцца трэба хадзіць да розных начальнікаў”.


Далей у сваім лісьце на "Свабоду" Віктар Кляноўскі выказваецца наконт нядаўняй трагедыі, якая напаткала пад Смаленскам самалёт польскага прэзыдэнта Леха Качыньскага. Слухач з гэтай нагоды заўважае (яшчэ адна цытата зь ліста):

“Здавалася б, Польшча — значна больш заможная краіна, чым Беларусь. А прэзыдэнт карыстаўся старым савецкім самалётам "Ту-154", які да таго ж прайшоў капітальны рамонт у Самары. Сьціплы чалавек. Ня кідаў гэтыя панты кучаравыя, як адзін усім нам вядомы мужык, які купіў новы "Боінг" і на ім лётае катацца на лыжах то ў Аўстрыю, то ў Швайцарыю. Нават ня ведаю, што нам рабіць. Хоць ты папрасі дапамогі ў Пуціна ці ў амэрыканскага прэзыдэнта, каб дапамаглі выправіць гэтага мужыка на пэнсію. Па-руску гэта называецца “беспредел”. Нашы людзі ў такіх выпадках кажуць: “Ня дай Бог мужыку панства, а сьвіньні — рог”.

…А як у нас абаронена прыватная ўласнасьць? Па суседзтве ў Друі апусьцела хата: памерла адзінокая жанчына. Спадчына павінна была дастацца ўнуку. Але ён жыве ў Латвіі, даўно не прыяжджаў. Дык вось, цяперашняя мужыцкая ўлада паклала вока на гэту хату: распарадзілася разабраць і яе, і хлеў на дровы, якія аддала калгасу.

У нас у Друі добра ведаюць іншы прыклад — як ставяцца да права на спадчыну за мяжой, на Захадзе. У адной мясцовай жанчыны некалі даўно, пасьля вайны, загінуў сваяк у Нямеччыне. Дык яе праз сорак гадоў знайшлі тут, у Друі, і перавялі ў банк тыя грошы, што належалі ёй як спадкаемцы. Вось такую дзяржаву, дзе ставяцца да чалавека па-людзку, можна і паважаць, і давяраць ёй. А ў гэтай квітнеючай Беларусі страшна на дзень хату пакінуць. Старыя людзі ўспамінаюць: пры Польшчы ў нас замкоў ня ведалі. Трэба чалавеку адысьці — дзьверы венікам падпёр (чужы чалавек убачыць, што гаспадара няма ў хаце — і ня пойдзе). А цяпер?

Але я ведаю, што можна жыць па-іншаму, лепш, у іншай, больш справядлівай і сумленнай дзяржаве. Толькі трэба цьвёрда памятаць, што казаў Ян Павал ІІ у сваім апостальскім пасланьні жыхарам апанаванай камуністамі Усходняй Эўропы. А казаў ён: “Ня бойцеся!”.


Вельмі адметны выпадак з хатай памерлай жанчыны апісалі вы ў сваім лісьце, спадар Віктар. Насамрэч у Беларусі прыняты законы, якія дазваляюць гэта рабіць мясцовай уладзе. Не аб’явіліся спадкаемцы, стаіць пабудова парожняя — улада мае права забраць яе для сваіх патрэбаў: пасяліць іншых людзей альбо разабраць на дровы ці на будматэрыялы. Раней наконт гэтага неаднаразова выказваўся прэзыдэнт Лукашэнка — настойваючы менавіта на такім спосабе вырашэньня праблемы парожніх хатаў, якія застаюцца без гаспадароў у імкліва паміраючых вёсках і мястэчках. У дзяржавах, дзе права прыватнай уласнасьці лічыцца сьвяшчэнным, такую практыку ўявіць немагчыма. Гэта лічылася б замахам на ўвесь падмурак грамадзкага ладу. Але ў Беларусі, звыклай да бальшавіцкіх экспрапрыяцый, вялікага абурэньня ці зьдзіўленьня гэта не выклікае. Праўда, чаму ў такім разе чыноўнікі зьдзіўляюцца, што ў краіну баяцца ісьці заходнія інвэстары — ня хочуць будаваць новыя заводы, укладваць грошы ў нерухомасьць?..

Становішча польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі турбуе нашага слухача Эдварда Зяневіча зь Ліды. У сваім лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Чаму ўлада выгнала івянецкіх палякаў з Польскага дому? Гэта ж іхны дом, яны яго стварылі і зьяўляюцца там гаспадарамі. Хто аддаў загад на такія гвалтоўныя дзеяньні? Чым заміналі ім палякі?

І чаму польскія арганізацыі ня маюць права вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты, а камуністычныя арганізацыі такім правам надзелены? Якое ж у такім разе ў нас раўнапраўе?

Шкада, што палякі ў нас падзеленыя на два лягеры — "белыя" і "чырвоныя". Чаму нам ня быць у адным кулаку?

Яшчэ адно пытаньне — вакол катастрофы польскага прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам 10 красавіка. Загінулі нявінныя людзі, якія ляцелі ўшанаваць памяць расстраляных у '40-м годзе сталінскімі катамі польскіх афіцэраў. Хто вінаваты ў трагедыі? Туман? Памылка пілётаў? Ці нейкія іншыя прычыны? Думаю, наўрад ці ў гэтым здольныя разабрацца толькі тыя ўдзельнікі камісіі, якія прадстаўляюць польскі і расейскі бакі. Няблага было б, каб да расьсьледаваньня далучылася і нейкая трэцяя, незацікаўленая краіна"
.

Наконт вашага, спадар Эдвард, абурэньня тым, чаму польскія арганізацыі ня маюць сваіх дэпутатаў у саветах. Паводле беларускага заканадаўства, права вылучаць кандыдатаў маюць зарэгістраваныя Мін'юстам палітычныя партыі, працоўныя калектывы, а таксама грамадзяне шляхам збору подпісаў. Грамадзкія арганізацыі такім правам не надзеленыя. Напэўна, актывісты польскіх арганізацый маглі б зарэгістраваць сваіх кандыдатаў, сабраўшы подпісы. Але шанцаў на тое, што іхныя вылучэнцы трапілі б у органы ўлады пры цяперашняй беларускай палітычнай сыстэме — няшмат. Датычыць гэта, зразумела, таго Саюзу палякаў, які ўзначальвае Анжаліка Борыс і які ня хоча прызнаваць улада. Становішча зарэгістраванага праўладнага Саюзу палякаў, які стварылі і ўсяляк падтрымліваюць чыноўнікі, — зусім іншае.

На заканчэньне — некалькі лістоў ад нашых даўніх слухачоў, якія выказваюцца наконт праграмаў "Свабоды", зьвяртаюцца ў рэдакцыю з прапановамі і просьбамі.

Вось што піша Яўген Чарнавец зь вёскі Калодзежы Чэрвеньскага раёну:

"Чуваць "Свабоду" апошнім часам добра, але навіны ўсё нейкія змрочныя. Катынь, Смаленск... А наш галоўны ў гэты час — кукіш адной суседцы, напружаньне — з другой. Бакіева вось прывалаклі з Кіргізстану. І на халеру ён тут нам, як кажуць у народзе? Быў адзін, а зараз — пара. Старая гульня па новых правілах.

Вось, можа, вясна парадуе. У любым выпадку будзем жыць і спадзявацца, што сонейка, дасьць Бог, засьвеціць і над нашым краем"
.

Аляксей Курлянкоў з Горадні радуецца, што мае магчымасьць слухаць Свабоду без кароткахвалевага прыймача і без інтэрнэту. Ён піша:

"Рэгулярна слухаю перадачы Радыё Свабода праз спадарожнікавую антэну. Якасьць — выдатная. Дзякуючы гэтаму ёсьць магчымасьць адчуваць сябе ў беларускамоўным сьвеце. Дый дзецям магу паказаць, што ня толькі іх тата размаўляе па-беларуску.

Фактычна пра навіны Беларусі я даведваюся толькі ад "Свабоды" і "Белсату". Буду ўдзячны, калі зможаце даслаць дыск "Барды Свабоды", бо гэта — якраз тыя песьні, што люблю слухаць"
.

Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста Анатоль Чачотка зь Менску зьвяртаецца ня толькі да нас, але і да тых актыўных слухачоў, якія часта тэлефануюць на "Свабоду". Ён піша:

"Я — па-ранейшаму заўзяты слухач вашых перадач, аўтар некаторых тэлефанаваньняў для праграмы "Званкі на Свабоду". Хочацца пажадаць, каб гэтая перадача стала ў большай ступені грамадзка-палітычнай, а не ператваралася ў лаянку паміж сталымі людзьмі. Усё ж такі эфір "Свабоды" — гэта не базар для пэнсіянэраў, а месца, дзе павінны ўзьнімацца і абмяркоўвацца агульнаграмадзкія тэмы. У іншых жа праграмах абы-каму слова не даецца. Таму просьба: запрашаць да мікрафона новых людзей, са сьвежымі ідэямі".

Слушныя заўвагі, спадар Чачотка. Абавязкова зьвернем на гэта ўвагу. Адначасова просім і вас, шаноўныя слухачы, тэлефануючы на наш аўтаадказьнік у рэдакцыю, мець на ўвазе, што любая дыскусія павінна весьціся ў паважлівым тоне, безь зьнявагі і лаянкі. Улічвайце, што іншыя слухачы чакаюць і ад нас, і ад вас найперш цікавых навінаў і разумных камэнтароў.

Напрыканцы паведамлю, што ўсе ўдзельнікі Клюбу сяброў "Свабоды", якія зьвярнуліся да нас з просьбай пра нядаўна выпушчаны дыск “Барды Свабоды”, неўзабаве атрымаюць яго ў якасьці падарунка.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by