Улада гатовая да эканамічнай лібэралізацыі?

Яраслаў Раманчук

Як вядома, падчас свайго штогадовага звароту да парлямэнту, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што аддаў загад прыступіць да распрацоўкі Дырэктывы № 4, накіраванай на лібэралізацыю эканомікі. Праект гэтага дакумэнту ўжо апублікавалі --> http://udf.by/sobytie/30446-takoj-liberalizacii-belarus-eshhe-ne-videla.html некаторыя сайты. Паводле праекту, прадугледжваюцца сапраўды кардынальныя зьмены ў беларускай эканоміцы, такія як лібэралізацыя цэнаў і замежнага гандлю, сапраўдная прыватызацыя ды іншае. Наколькі рэальнае прыняцьцё гэтага дакумэнту ў такім выглядзе? Хто і чаму сёньня супраціўляецца лібэралізацыі эканомікі? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Цыганкоў: Выглядае, што гэты дакумэнт даволі радыкальна можа памяняць эканамічную палітыку ў Беларусі. Наколькі рэальным сёньня ёсьць прыняцьцё дырэктывы ў такім выглядзе, і якая барацьба ідзе вакол гэтага дакумэнту ў структурах улады?

Раманчук: Вядома, што барацьба ідзе вельмі жорсткая. Верагоднасьць прыняцьця дакумэнту ў такім выглядзе вельмі малая. Толькі частка людзей ва ўладзе падтрымлівае такія падыходы. Я рады таму, што гэтая група людзей вельмі ўважліва вывучае прапановы, якія ўтрымліваюцца ў Плятформе нацыянальнага бізнэсу, у Антыкрызіснай плятформе АДС, іншых дакумэнтах.

Добра ўжо тое, што такі праект зьявіўся. Ён стане такім маяком, на які трэба арыентавацца, ці ёсьць лібэралізацыя эканомікі ў Беларусі, і як далёка ўлада можа пайсьці.
Гэта першы дакумэнт, які пераадолеў пэўныя міты і страхі ўлады.


Цыганкоў: А чаго асьцерагаюцца іншыя людзі ва ўладзе, якія выступаюць супраць лібэралізацыі? Якія палітычныя ці сацыяльныя наступствы гэта можа стварыць для ўлады?

Раманчук: Калі ўлады сур’ёзна ставяцца да загаду Лукашэнкі, каб Беларусь увайшла ў трыццатку найлепшых краінаў паводле якасьці бізнэс-клімату, то гэта менавіта той шлях, якім трэба ісьці. З пункту гледжаньня наступстваў існуе шмат мітаў наконт таго, што прынясе Беларусі лібэралізацыя цэнаў. Але ў праекце Дырэктывы вельмі добра напісана, што адпусканьня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі і транспарт (найбольш балючая тэма для насельніцтва) ня будзе. Гэта будзе ісьці паступова. А цэны на прадукты харчаваньня ў Беларусі даўно ня меншыя, чым у Літве ды Польшчы. Таму тут я ня бачу падставаў для страхаў.

Нагадаю, што міністар эканомікі Снапкоў, які, магчыма, таксама далучыўся да распрацоўкі гэтага дакумэнту, раней казаў, што трэба радыкальна падыходзіць да лібэралізацыі цэнаў, бо гэта будзе спрыяць разьвіцьцю бізнэсу.

Таму гэта першы дакумэнт, які пераадолеў пэўныя міты і страхі ўлады. Я думаю, супраціў ідзе найперш ад тых людзей, якія думаюць, што выйсьце з сытуацыі — гэта зноў павелічэньне ролі дзяржавы ў эканоміцы.