У вэнэсуэльскай нафты бяруць аналізы

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.

Вэнэсуэльская нафта, дастаўленая танкерам у Адэскі порт, пачала паступаць на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Пасьля перапрацоўкі першай пробнай партыі нафты будзе вызначана яе рэнтабэльнасьць. На прадпрыемстве сьцьвярджаюць, што гэта тая нафта, якую яны і чакалі, і абвяргаюць чуткі пра яе нізкую якасьць.

Пастаўкі нафты з Адэскага порту ў чыгуначных цыстэрнах ідуць адпаведна з графікам. На прадпрыемства ўжо паступіла каля 6 тысяч тон вэнэсуэльскай нафты, і яна працягвае зьлівацца ў спэцыяльны накапляльнік. Пра гэта паведаміў карэспандэнту «Свабоды» намесьнік гендырэктара Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Сяргей Саладоўнікаў:

«Цягам месяца ўсё перапрацуем»

Камэнтуючы паведамленьні ў мэдыях адносна таго, што вэнэсуэльская нафта не адпавядае заяўленым парамэтрам утрыманьня серы і іншых дамешкаў, намесьнік гендырэктара Мазырскага НПЗ Сяргей Крот сказаў карэспандэнту «Свабоды», што пакуль ня бачыў якасных характарыстык нафты.

«Для таго каб зрабіць нармальны аналіз, патрэбная пэўная колькасьць часу. Адносна таго, што, маўляў, тое ці ня тое, я ня стаў бы гэта камэнтаваць, бо разважаюць людзі, якія ў гэтым наагул нічога не разумеюць. На пустым месцы ўсе робяць нейкую праблему. Усё ў нас,
Нейкіх асаблівых праблемаў з прыёмам і якасьцю гэтай нафты няма.
можна сказаць, у норме — нейкіх асаблівых праблемаў з прыёмам і якасьцю гэтай нафты няма».

Ці падобная гэта нафта да расейскай?

«На „Юралс“ — не, у яе іншыя якасныя характарыстыкі».

Паводле эканаміста Ірыны Тачыцкай, характарыстыкі нафты вельмі важныя.

«Да нас, кажуць, везьлі вельмі лёгкія гатункі, тую ж „Санту Барбару“. Яе паказчыкі можна знайсьці ў інтэрнэце. Калі яна адпавядае паводле парамэтраў, то, магчыма, тэхнічна ніякіх праблемаў няма. У адваротным выпадку могуць быць праблемы зь перапрацоўкай, бо ты ня можаш адначасова перапрацоўваць адну і другую нафту — расейскую і вэнэсуэльскую, там тэхналягічныя працэсы іншыя».

Спадар Саладоўнікаў ня стаў адказваць на пытаньне, ці заменіць вэнэсуэльская нафта расейскую?

«Вас што цікавіць — Вэнэсуэла ці Расея? Вы вызначцеся. Я думаю, што ўрад адказвае за ўзаемадачыненьні».

Раней намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур выказаў у мэдыях думку, што беларускія НПЗ усё ж будуць перапрацоўваць вэнэсуэльскую нафту дадаткова да расейскай. Сёлета яе аб’ём складзе ўсяго 4 мільёны тон. Але ў наступным годзе ён мае вырасьці да 10 мільёнаў тон — а гэта амаль палова гадавой нафтаперапрацоўкі ў краіне. Паводле Ірыны Тачыцкай, наўрад ці вэнэсуэльскі праект можна разглядаць як «устойлівы, на некалькі гадоў», бо нават Польшча ці Літва ня лічаць гэта выгадным.

Прасьцей купляць яе ў некага бліжэй.
«Напачатку ўсе чакалі, што гэтая нафта заменіць дарагую расейскую і будзе таньнейшая, чым расейская са стопрацэнтным мытам. Нядаўна Тур сказаў, што гэта на дадатак да расейскай. Тады наагул усё гэта неяк дзіўна. Навошта? Яна павінна быць ніжэйшая па цане, чым расейская са стопрацэнтным мытам, каб нам яе везьці з такімі транспартнымі выдаткамі. Прасьцей купляць яе ў некага бліжэй».

Пытаньне эфэктыўнасьці паставак нафты з Вэнэсуэлы высьветліцца да сярэдзіны траўня. Пасьля перапрацоўкі пробнай партыі будзе вырашана пытаньне наконт закупу другой партыі сыравіны. Новым танкерам з нафтай будзе займацца сумеснае беларуска-вэнэсуэльскае прадпрыемства, якое абяцаюць стварыць да 30 чэрвеня.