Прэцэдэнт Яна Міхайлава

Іван Міхайлаў

Сёньня суд Менскага раёну апраўдаў верніка Яна Міхайлава, які паводле папярэдняга судовага выраку амаль адбыў 3 месяцы арышту за ўхіленьне ад вайсковай службы. Рашэньне суду натхніла іншых прызыўнікоў, якія дамагаюцца альтэрнатыўнай службы. Аднак праект закону аб такой службе толькі распрацоўваецца.
21-гадовы Ян Міхайлаў адмаўляецца служыць у войску з рэлігійных меркаваньняў, бо ён вернік габрэйска-мэсіянскай суполкі. Летась 15 сьнежня Яна Міхайлава затрымалі і пакаралі арыштам на 3 месяцы за ўхіленьне ад вайсковай службы. Хлопец амаль адбыў да канца тэрмін арышту, калі Менскі абласны суд скасаваў ранейшае рашэньне раённага суду і накіраваў справу на паўторны разгляд. 10 сакавіка Ян Міхайлаў выйшаў на волю і з таго часу знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд. Сёньня суд Менскага раёну цалкам апраўдаў Міхайлава і вызваліў яго з-пад падпіскі аб нявыезьдзе.

Ян Міхайлаў у інтэрвію "Свабодзе" пасьля вынясеньня апраўдальнага рашэньня суду заявіў:

"Я думаю, што такое рашэньне ўхваленае невыпадкова. Напэўна, з-за таго, што ўлады прыгледзеліся да праблемы альтэрнатыўнай службы. І думаю, што ў хуткім часе трэба чакаць закону аб альтэрнатыўнай службе".

Ян Міхайлаў спадзяецца, што іншым прызыўнікам, якія дзеля рэлігійных ці нейкіх іншых перакананьняў будуць дамагацца альтэрнатыўнай службы, будзе ўжо лягчэй:

"Думаю, што і яны змогуць разьлічваць на апраўданьне, што на іх будуць глядзець ня проста як на людзей, які прагнуць "адкасіць", а як на людзей, якія маюць свае прынцыпы і могуць дабівацца нечага".

Між тым пытаньне службы яшчэ ня вырашана і для самога Яна Міхайлава. Ён чакае новых позваў з ваенкамату. Ніякай адтэрміноўкі хлопец ня мае, таму зноў будзе зьвяртацца з просьбай даць яму магчымасьць альтэрнатыўнай службы. Хавацца ад ваенкамату ён ня будзе, але і служыць са зброяй у руках, прыносіць вайсковую прысягу не зьбіраецца.

Міхал Пашкевіч, каардынатар кампаніі "За альтэрнатыўную грамадзянскую службу", заявіў "Свабодзе" з нагоды апраўданьня Яна Міхайлава:

Міхаіл Пашкевіч
"У нашай краіне, на жаль, няма прэцэдэнтнага права. 12 траўня ў Гомелі будуць разглядацца яшчэ дзьве крымінальныя справы пра ўхіленьне ад вайсковай службы — супраць Яўгена Якавенкі і Зьмітра Смыка. Яўген Якавенка мае пацыфісцкія перакананьні, а Зьміцер Смык належыць да пратэстанцкай суполкі "Сьведкі Еговы".

Тым часам стартавала чарговая вясновая прызыўная кампанія. Паводле зьвестак Міхала Пашкевіча, толькі ў Менску зьбіраюцца судзіць за ўхіленьне ад службы 25 чалавек.

"Можа, ня трэба рабіць з чалавека, які ня хоча служыць у войску, злачынцу толькі таму, што мы ня можам забясьпечыць яму альтэрнатыву, як тое запісана ў Канстытуцыі. Тое, што сёньня судзьдзя апраўдаў Міхайлава — гэта знак для ўсіх маладых людзей, якія прасілі альтэрнатыўную службу, а на сёньняшні дзень гэта і тыя, каго судзілі, і некалькі салдат зь Віцебскай вобласьці, якія таксама накіравалі свае заявы на альтэрнатыўную службу. Гэта для іх знак, што і ў нашай краіне можна дамагчыся чагосьці".

Тым часам ва ўрадзе створаная працоўная група на чале зь міністрам працы Мар'янай Шчоткінай, каб стварыць праект закону аб альтэрнатыўнай службе. Усе напрацоўкі і матэрыялы ініцыятывы "За альтэрнатыўную грамадзянскую службу" перададзеныя для вывучэньня гэтай групе. Міхал Пашкевіч спадзяецца, што праект закону будзе падрыхтаваны ўжо восеньню.