Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апраўдалі Яна Міхайлава


Суд Менскага раёна апраўдаў верніка Яна Міхайлава, які паводле папярэдняга выраку суду амаль адбыў 3 месяцы арышту за ўхіленьне ад вайсковай службы.


Ян зьяўляецца вернікам габрэйска-мэсіянскай суполкі, з рэлігійных меркаваньняў ён адмаўляецца служыць у войску.

Летась 15 сьнежня Яна Міхайлава затрымалі і пакаралі арыштам на 3 месяцы за нібыта ўхіленьне ад вайсковай службы. Хлопец амаль адбыў да канца тэрмін арышту, як прысуд прызналі незаконным і прызначылі новы суд. 10 сакавіка ён выйшаў на волю і знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд.

Ян Міхайлаў у інтэрвію Свабодзе пасьля вынясеньня прысуду заявіў:

"Я думаю, што такое рашэньне ўхваленае невыпадкова, напэўна з-за таго што ўлады прыглядзеліся да праблемы альтэрнатыўнай службы і думаю, што ў хуткім часе трэба чакаць закону аб альтэрнатыўнай службе".

Ян Міхайлаў спадзяецца, што іншым прызыўнікам, якія паводле рэлігійных ці іншых перакананьняў будуць дамагацца альтэрнатыўнай службы, будзе лягчэй:

"Думаю, што і яны змогуць разьлічваць на апраўданьне, што на іх будуць глядзець ня проста як на чалавека, які прагне "адкасіць", а як на чалавека, які мае свае прынцыпы і можа дабівацца нечага".

Між тым пытаньне службы яшчэ ня вырашана і для самога Яна Міхайлава, ён чакае новых павестак з ваенкамату. Ніякай адтэрміноўкі хлопец не мае, таму будзе зьвяртацца з просьбай прадставіць магчымасьць альтэрнатыўнай службы. Хавацца ад ваенкамату ён не зьбіраецца, але і служыць са зброяй у руках, прыносіць вайсковую прысягу ён не зьбіраецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG