Былы палітпрызыўнік і кандыдат ў дэпутаты Мазырскага райсавету Франак Вячорка, якога звольнілі з войска ў запас па стане здароўя, сёньня сустракаецца з актывістамі Гомеля.
“Да Гомеля,-- кажа Франак Вячорка,-- я ўжо наведаў Гарадзенскую й Менскую вобласьці. Сустракаюся з моладзевымі актывістамі, якія ёсьць у рэгіёнах. У Гомелі, на жаль, моладзь засталася без лідэраў. Зьміцер Жалезьнічэнка зьехаў на вучобу за мяжу, а Андруся Цянюту забралі ў войска. Патрэбна згуртаваць моладзь перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Бо калі выбары будуць такімі, як у мясцовыя саветы, то вынікі трэба будзе адстойваць на плошчы”.
Маладыя актывісты мяркуюць таксама наведаць палітпрызыўніка Яўгена Скрабца, які служыць у транспартных войсках у Жлобіне.