Анатоль Івашчанка — пра кнігі-экспэрымэнты ў беларускай літаратуры

Анатоль Івашчанка

Якія беларускія літаратурныя выданьні можна лічыць экспэрымэнтатарскімі і наагул — чым ёсьць літаратурны экспэрымэнт зь сёньняшняга гледзішча? Такімі пытаньнямі задаўся экспэрт «Пяцікніжжа Свабоды» паэт, літаратуразнаўца й сам сабе экспэрымэнтатар па жыцьці Анатоль Івашчанка.



Алесь Разанаў. Шлях-360. Менск, «Мастацкая літаратура», 1981.


Выдыхнуўшы ў сярэдзіне 60-х славутае «Жыве экспэрымэнт!», Алесь Разанаў ня стаў экспэрымэнтатарам. «Лесьвічкай» пасьля эпохі авангардызму, футурызму і іншага дадаізму цяжка было кагосьці зьдзівіць і ў тагачасным паэтычным дыскурсе. Сапраўдны, «чысты экспэрымэнт», «пошук з таго боку слоў», вэрбальная алхімія і шаманства зь яго рытуаламі й верай у затоеную сілу радка пачаліся з «Каардынатаў быцьця» і дасягнулі энтрапіі ў знакавым, культавым, дах-зносячым «Шляху-360». Тая магутная энэргетыка, што выплюхнула з аскетычна аздобленых бачынаў зборніка каб, паводле Сяргея Дубаўца, зарадзіць сабою 80-я, апладніла беларускі паэтычны космас, даўшы жыцьцё далейшым пакаленьням дасьледнікаў новых вымярэньняў мастацкае рэчаіснасьці.



Людка Сільнова. Рысасловы. Полацак, «Полацкае ляда», 1994.


Пэўна, самая вядомая з шэрагу кніг візуальнай паэзіі Людкі Сільновай — «Рысасловы» (такое жанравае найменьне прыдумаў для гэтых твораў А. Разанаў). Як выяўляецца, далёка ня ўсе паэты, што стваралі на золаку незалежнасьці й на захадзе адраджэньня, былі змагары. Некаторыя проста лёталі. Гэта кніга, якая прачытваецца за хвіліну й да якое прыемна зьвяртацца цягам жыцьця, каб... згадаць, што і ў цябе, даруйце, — у нас! — такое таксама ёсьць.



Друкапісы. Вялікая імправізацыя. Менск, «Галіяфы», 2009.


«Друкапісы», збор дзесяці самвыдаўскіх кніг, сабраных пад адной вокладкай, ўжо ёсьць фактам нават не літаратуры, але літаратуразнаўства. Як прыкмячае Інэса Кур’ян у прадмове да зборніка, «нашым авангардыстам, хоць і са спазьненьнем, але амаль так, як усёй літаратурнай Эўропе, надакучыла выданьне кнігі. Адпаведна зьявілася яе «невыданьне». Дэвізам літпакаленьня, што пачало вылупляцца й апервацца ў сярэдзіны 90-х, мог бы стаць пэрыфраз разанаўскага: жыве экскрэмэнт! Але бум-бам-літаўскія «друкапісы», хаця й губляюць крыху сваёй чароўнасьці і аўтэнтыкі ў дыхтоўным выданьні й белым афсэце, кранальна сьветлыя.



Ільля Сін. Сапсаваныя лялькі. Год выданьня, выдавецтва ды іншыя зыходныя дадзеныя адсутнічаюць.


Гэтая кніга Ільлі Сіна — ня кніга ў звыклым разуменьні. Яна ўяўляе зь сябе капэрту, у якой... Але ня будзем раскрываць усіх сакрэтаў аўтара, улазячы ў прыватнае ліставаньне зь яго чытачом. Запэўнім толькі, што ў той капэрце няма парашку сібірскае язвы, але ёсьць, акрамя ўласна тэкстаў, процьма канцэптуальных знаходак. Напрыклад, разарваныя (трэба разумець, уласнаруч аўтарам) і запакаваныя ў цэляфанавы пакецік старонкі нумар 22-23. І калі гэтую перашкоду руплівы й адданы чытач зможа пераадолець, склаўшы кавалачкі, то што рабіць з адсутнымі старонкамі 14-53? Ад іх застаўся толькі попел (зрэшты, таксама акуратна запакаваны ў цэляфанавы пакецік). Асобна варта адзначыць працу вярстальніка, шырока вядомага ў вузкіх колах пад нікам kanaj, што дадала выданьню брутальнасьці ў межах трэшавай стылістыкі. З улікам назову папярэдняй кнігі Сіна («Нуль»), гэтая магла б насіць парадкавы нумар «мінус 1».



Дзьмітры Плакс. Трыццаць тэкстаў. Менск, «Медысонт», 2009 (сэрыя «Бібліятэчка часопісу «Дзеяслоў»).


«Трыццаць тэкстаў» — гэта трыццаць хвілінаў. Той час, які патрэбны паэту, каб дакрочыць ад стакгольмскае кватэры да бліжэйшай станцыі мэтро. Аўтарскія фотавыявы, якімі аздоблена кніга, — фрагменты тае прасторы, што выхаплена падчас гэтага шляху-шпацыру. Над тэкстамі, што склалі кнігу, паэт працаваў цягам дзесяці гадоў. Усялякіх прыёмаў-вынаходак (ці, як кажуць, «фенек» ці «фішак») на квадратную старонку тэксту ў кнізе Дзьмітрыя шмат. Але не зашмат, без злоўжываньняў. Аўтар прапануе чытачу свайго роду шараду. Тэксты Плакса можна параўнаць з трохвымернымі стэрэамалюнкамі (сам паэт параўноўвае іх з канструктарам лега), у якія трэба пэўны час паўглядацца, каб пабачыць выяву як ёсьць, у аб’ёме. Розьніца толькі ў тым, што ў паэтычных 3D-малюначках убачанае будзе больш індывідуальным — у залежнасьці ад фантазіі чытача. Той, хто спрабаваў чытаць стэрэакарцінкі, ведае, што патрэбны час, каб за россыпам знакаў і лініяў навучыцца бачыць выяву. Атрымліваецца не ва ўсіх. Але, магчыма, у гэтым і кайф — каб не ва ўсіх?..