Першы віцэ-прэм'ер расейскага ўраду Ігар Шувалаў пахаваў сваёй заявай у Вашынгтоне мала каму зразумелае дзіця леташняга пуцінскага дэмаршу: сумеснае ўступленьне Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю.
Абураная рэакцыя пакрыўджанага беларускага боку не прымусіла сябе чакаць, выклікаючы ў шырокіх колах натуральнае пытаньне: дзеля чаго наогул быў патрэбен дзіўны манэўр з супольным уступленьнем? Чаму гэтая ідэя так доўга пратрымалася і была пакінутая менавіта цяпер?
Шмат у каго выклікае неразуменьне і больш агульнае пытаньне.
А каму яна, тая СГА, увогуле патрэбная?
Ва ўмовах крызісу ўступленьне ў СГА жыцьцёва неабходнае Расеі для прыцягненьня інавацыйных інвэстыцыяў ды разьвіцьця неэнэргетычнай прамысловасьці. Беларусі, зразумела, гэта патрэбна прынамсі ня менш.
Навошта ўступалі "тройкай"?
Гэты сцэнар даваў Расеі гіпатэтычную магчымасьць абыйсьці непераадольную дагэтуль перашкоду на шляху да ўступленьня - пытаньне аб датацыях свайму аграрнаму сэктару.
Што ж зьмянілася?
Уступленьне Расеі ў СГА аўтаматычна азначае завяршэньне як энэргетычнай, так і гандлёвай датацыі Беларусі
Што прымусіла ЗША памяняць сваю пазыцыю, рызыкнуўшы ўсімі асноўнымі дасягненьнямі па лібэралізацыі сусьветнага гандлю прадуктамі харчаваньня? Падтрымка Масквы ў справе санкцыяў супраць Ірану, традыцыйна найбліжэйшага расейскага саюзьніка на Блізкім Усходзе? Допуск амэрыканскіх ваенных грузаў да сваёй паветранай прасторы? Абяцаньне большай падтрымкі ва Аўганістане ў рамках "новай канцэпцыі супрацы з НАТО"? Згода на рэзкае скарачэньне ядзерных арсэналаў?
Бадай усё гэта разам ды шмат іншага.
Забіць двух зайцаў
Нэйтралізаваць пагрозу шантажу
Прыпыніўшы ў свой час свой працэс уступленьня на год Масква нічога не згубіла. Пагадненьні амаль з усімі краінамі рабочай групы былі на той момант ужо дасягнутыя. Справа саступкі па сельскагаспадарчым пытаньні ўсё роўна вырашалася на найвышэйшым палітычным узроўні паміж Масквой і Вашынгтонам, а не ў рамках дэлегацыяў пры СГА. Там жа вырашаюцца і пытаньні з “шантажыстамі” Грузіяй ды Малдовай.
Беларусі ж, якая падпісала пагадненьні толькі з паловай краінаў сваёй рабочай групы, для ўступленьня ў арганізацыю спатрэбіўся б прынамсі год тэхнічнай працы, пры любой ахвоце да пераўтварэньняў. Менск прапусьціў і найспрыяльнейшы для гэтага палітычны момант.
Расея, такім чынам, пазьбегла пагрозы таго, што Менск, "прасьлізнуўшы" ў арганізацыю першым, атрымаў бы магчымасьць шантажаваць "старэйшага брата", дыктуючы яму свае ўмовы ўступленьня ў СГА, як гэта цяпер робяць Грузія ды Малдова.
Умацаваць уплыў
Яшчэ важнейшым здабыткам для Расеі стала тое, што дзякуючы ажыятажу створанаму ў кантэксьце меркаванага сумеснага ўступленьня, ёй удалося ў рэкордны тэрмін закласьці фундамэнт рэгіянальнай эканамічнай прасторы.
Мытны саюз ня толькі найбольш выгадны для Расеі эканамічна, але зьяўляецца і значнай геапалітычнай заваёвай.
Што цяпер?
Калі заява Шувалава не накіраваная толькі на тое, каб падштурхнуць Менск у справе рэформаў ды інтэграцыі (наўрад), Беларусь застаецца ля разьбітага карыта.
Уступленьне Расеі ў СГА аўтаматычна азначае завяршэньне як энэргетычнай, так і гандлёвай датацыі Беларусі.
Канец энэргетычнай датацыі
Выконваючы патрабаваньні СГА Масква была вымушана скасаваць датацыі нават на ўласным рынку. Мэханізм гэтага пераўтварэньня быў запушчаны Газпромам на мінулым тыдні, з тым, што ўнутрырасейскія цэны на газ зраўнуюцца з экспартнымі да 2014 году.
Канец гандлёвай датацыі
Членства Расеі ў СГА таксама аўтаматычна ліквідуе два галоўныя складнікі беларускіх гандлёвых прэфэрэнцыяў. Зьніжэньне абарончых тарыфаў прывядзе на расейскі рынак, сусьветных вырабцаў, зь якімі беларускія заводы на сёньняшні дзень канкураваць ня здольныя.
Адміністратыўныя прэфэрэнцыі беларускім вытворцам пры расейскіх дзяржзакупках таксама аўтаматычна выключаюцца прынцыпам СГА аб недапушчальнасьці дыскрымінацыі чальцоў арганізацыі.
У плянаваным праекце расейска-эўрапейскай Зоны свабоднага гандлю, які тармазіўся адно ўступленьнем Расеі ў СГА, брамай Беларусі ў Эўропу становіцца Масква.
Згуба інвэстыцыяў
Без членства ў СГА інвэстыцыйныя плыні будуць збольшага абмінаць Беларусь, выбіраючы сабе Расею ў якасьці базы для ўсяго рынку Мытнага саюзу. У гэтых умовах адзіным спосабам утрымаць на паверхні груваздкі карабель рынкавага сацыялізму застаецца паступовы распродаж стратэгічных прадпрыемстваў адзінаму, хто на сёньняшні дзень гатовы выкладаць за іх наяўнасьць – усходняму суседу. Лішне казаць у каго ў гэтай сытуацыі будуць лепшыя карты пры цанаваньні.
Як цяпер?
Менску застаецца адно бязмытны гандаль з Расеяй. Расейскія вонкавыя пошліны для астатніх краін хоць і паменшацца істотна, але ж ня зьнікнуць зусім. Ды й зьніжацца яны збольшага будуць не імгненна, а паводле выгандляванага Масквой пераходнага графіку. Тым ня менш, з завяршэньнем працэсу ўступленьня Расеі ў СГА канчаткова сыйдзе ў нябыт і пэрыяд беларускага эканамічнага цуду, што існаваў за кошт датацыяў купленых братнімі пацалункамі.
Прыціснуты да сьценкі, ці, хутчэй, сам сабе загнаўшы ў кут Менск, каб захаваць рэшту эканамічнай незалежнасьці, мусіць адзінаасобна даганяць прапушчаны час, прайшоўшы ўсе этапы пераўтварэньняў ды гандлёвых саступак патрэбных для ўступленьня ў СГА. Кожны страчаны месяц будзе азначаць незваротна прамарнаваную інвэстыцыю, згублены столп эканомікі, лішні мільярд дзяржзапазычанасьці.
***
Стась Івашкевіч працаваў рэгіянальным аналітыкам рынку і мэнэджарам у адзьдзеле разьвіцьця кансалтынгавых прадуктаў у найбуйнейшых эўрапейскіх кансалтынгавых агенцтвах Euromonitor International Plc i Marcus Evans Plc. Цяпер займаецца бізнэсам у Празе. Аўтар шэрагу аналітычных публікацыяў па эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. На запрашэньне Нью Ёркскага Ўнівэрсытэту ў Празе чытаў лекцыі па ўступленьні Расеі ў СГА.