У рэдакцыйным артыкуле брытанская “Financial Times” адгукаецца на намер Расеі працягваць працэс уваходжаньня ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю самастойна, а ня ў рамках Мытнага зьвязу зь Беларусьсю і Казахстанам.
“Працэс далучэньня Расеі да СГА, сарваны дзіўнай ідэяй супольнага ўваходжаньня ў арганізацыю зь Беларусьсю і Казахстанам, цяпер, можна спадзявацца, вернецца на ранейшую каляю”, – піша газэта. Тое, што Расея дасюль ня стала чальцом Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, у значнай ступені памылка самой Расеі, лічыць брытанскае выданьне і нагадвае, што ў жніўні 2009 году Ўладзімір Пуцін адклікаў расейскую заяўку, зрабіўшы стаўку на стварэньне Мытнага зьвязу.
“Financial Times” мяркуе, што гэты крок нічога ня даў Расеі – адно што адтэрмінаваў яе ўваходжаньне ў СГА і пасеяў сумневы што да яе зацікаўленасьці стаць чальцом арганізацыі.
“У Расеі ёсьць рэальныя падставы для ваганьняў”, – заўважае газэта, вытлумачваючы, што свабодны гандаль можа выклікаць бум імпарту і перашкодзіць дывэрсыфікацыі расейскай прамысловасьці. Паводле “Financial Times”, выйсьце – не ў абмежаваньні гандлю, а ў запавольваньні ўліваньня сыравінных прыбыткаў у эканоміку.
“Правілы СГА ўзмоцняць беспасярэднія замежныя інвэстыцыі і гандлёвыя сувязі і, магчыма, нават падштурхнуць расейскую бізнэс-прастору да больш прававой палітыкі, што надзвычай патрэбна Расеі, калі яна хоча не астацца ад гігантаў разьвіванага сьвету”, – падагульняе брытанская газэта.