Кіргіскі падзел уладаў: 40% парлямэнту, 30% ўраду і 30% прэзыдэнту

Венера Джуматаева

Зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў быў завочна абвінавачаны паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — у арганізацыі забойстваў і злоўжываньні службовым становішчам. “Такім чынам, падставы для яго экстрадыцыі ёсьць”, – заявіў намесьнік старшыні часовага ўраду Кіргізстану Азымбек Бекназараў. Ён таксама паведаміў, што напярэдадні вечарам, 26 красавіка, часовы ўрад Кіргізстану прыняў дэкрэт аб адхіленьні Бакіева ад пасады і зьняцьці зь яго прэзыдэнцкага імунітэту. Крымінальная справа супраць Бакіева заведзеная ў сувязі з гібельлю людзей падчас мітынгу апазыцыі ў Бішкеку 7 красавіка. Тады пры штурме Белага дома загінула звыш 80 чалавек.


Курманбек Бакіеў жыве ў катэджы ў Драздах


Мы папрасілі журналістку кіргіскай службы Радыё Свабода Венеру Джуматаеву пракамэнтаваць гэтае разьвіцьцё падзеяў.

– Венера, ці трэба чакаць, што Бішкек цяпер зьвернецца да Менску з просьбаю аб экстрадыцыі Курманбека Бакіева?

– Прадстаўнікі часовага ўраду абяцалі бліжэйшым часам зрабіць гэта. Цяпер, як нашы карэспандэнты перадаюць, яны працуюць над выпускам наступнага дэкрэту, як яны называюць свой афіцыйны дакумэнт. Яны праз гэты дэкрэт зьбіраюцца афіцыйна зьвярнуцца да ўладаў Беларусі аб экстрадыцыі Курманбека Бакіева на радзіму.

– Ці мае Кіргізстан нейкія рычагі ўплыву на Аляксандра Лукашэнку, калі той ня схоча выдаць былога кіргіскага прэзыдэнта? Што магло б прымусіць Лукашэнку зрабіць такі крок?

– Я думаю, што ёсьць рычагі ў Бішкека, ня толькі ў самой краіне, дзе некалькі соцень людзей сёньня ладзілі акцыі пратэсту, гэта родныя і блізкія тых людзей, што загінулі ад куляў снайпэраў на даху Белага дому 7 красавіка. Тысячы людзей сёньня ў Бішкеку чакаюць ад часовага ўраду ў вельмі хуткім часе знайсьці вінаватых і пакараць, што можа хутка прывесьці да сям'і Бакіева і да яго самога. Яму выстаўленыя афіцыйныя абвінавачаньні ў арганізацыі масавых забойстваў. Ёсьць яшчэ і вонкавыя рычагі. Думаю, цяпер Масква ня менш зацікаўленая чым Бішкек, каб найхутчэй злавіць Бакіева і прымусіць яго ўрэшце замаўчаць, каб ён паўстаў перад судом. Апошнія заявы, якія ён рабіў ў Менску падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі, былі далёка не прыемныя для афіцыйнай Масквы.

– Цяпер часовыя ўлады Кіргізстану працуюць над новай канстытуцыяй краіны, якая, паводле папярэдніх зьвестак, значна абмяжуе прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Якія найважнейшыя зьмены мяркуюць увесьці новыя ўлады ў канстытуцыю?

Прэзыдэнт ня будзе здольны ініцыяваць зьмены ў Канстытуцыі, гэтае права забіраюць у яго, і толькі парлямэнт большасьцю галасоў ці найменшая колькасьць 300 тысячаў грамадзянаў Кіргізстану могуць ініцыяваць зьмены ў Канстытуцыі
– Я перад прыходам у студыю спрабавала прачытаць новы праект Канстытуцыі і разабрацца. З першага погляду, як я зразумела, улада прэзыдэнта вельмі моцна абмяжоўваецца. Гэта значыць, што прэзыдэнт ня будзе здольны ініцыяваць зьмены ў Канстытуцыі, гэтае права забіраюць у яго, і толькі парлямэнт большасьцю галасоў ці найменшая колькасьць 300 тысячаў грамадзянаў Кіргізстану могуць ініцыяваць зьмены ў Канстытуцыі. Акрамя гэтага забараняецца прэзыдэнту ствараць нейкія структуры ці органы, не ўказаныя ў Канстытуцыі. У прэзыдэнта забіраюць права прызначаць кіраўнікоў раённага рангу, акімаў, як у нас называюць. Іх будуць выбіраць мясцовыя саветы. У прэм'ер-міністра будзе нашмат больш выканаўчай ўлады, чым у прэзыдэнта. Прэм'ера будзе намінаваць партыя, якая набірае найбольшую колькасьць галасоў на парлямэнцкіх выбарах, і прэзыдэнт будзе зацьвярджаць прэм'ер-міністра. Я думаю, што цяпер калі разьдзяліць па працэнтах, то атрымліваецца, што каля 40 працэнтаў улады атрымае парлямэнт, 30 працэнтаў – ўрад і каля 30 працэнтаў прэзыдэнт.

– Як выглядае палітычная сытуацыя ў Кіргізстане сёньня? Ці прыхільнікі зрынутага прэзыдэнта Бакіева працягваюць пратэставаць? Ці ўсю тэрыторыю Кіргізстану кантралюе часовы ўрад?

– Можам пераканана сказаць, што часовы ўрад на сёньня ўжо кантралюе сытуацыю ў Кіргізстане. Але ёсьць канечне малыя лякальныя групы людзей на поўдні і на поўначы, дзе былыя прыхільнікі Бакіева (людзі, якія мелі добрыя пасады, здолелі разбагацець за час кіраваньня рэжыму Бакіева) ствараюць свае групы прыхільнікаў Бакіева і спрабуюць паўплываць на настроі людзей, дэстабілізаваць абстаноўку. Пакуль гэта ў іх слаба атрымліваецца. Будзем спадзявацца, што сытуацыя будзе толькі паляпшацца.