Кіргізы патрабуюць ад Лукашэнкі выдачы Бакіева

У Бішкеку сваякі загіблых пікетуюць амбасаду Беларусі, патрабуючы выдачы зрынутага прэзыдэнта Бакіева.
Ля будынку амбасады Беларусі ў цэнтры Бішкека праходзіць пікет удзельнікаў руху "7 красавіка" – сваякоў загінулых і пацярпелых падчас падзеяў у цэнтры Бішкеку 7 красавіка.

Людзі, якія сабраліся, патрабуюць выдаць Кіргізстану былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева. Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс".

Перад прысутнымі выступіў прадстаўнік беларускай амбасады ў Кіргізстане, які заявіў, што "былы прэзыдэнт Курманбек Бакіеў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ў якасьці госьця".

"Рашэньне аб знаходжаньні Бакіева на тэрыторыі Беларусі было прынятае, каб пазьбегнуць нэгатыўных наступстваў на тэрыторыі Кіргізстану", -- падкрэсьліў прадстаўнік амбасады Беларусі.

Ён сказаў, што "як толькі часовым урадам Кіргізіі будуць вырашаныя прававыя пытаньні, зьвязаныя з магчымай экстрадыцыяй Бакіева на радзіму, урад Беларусі выканае ўсе міжнародныя дамовы і разгледзіць дадзенае пытаньне на падставе Менскай канвэнцыі".

Прадстаўнік амбасады Беларусі таксама адзначыў, што ўсе патрабаваньні, якія прад'яўляюць ўдзельнікі пікету да кіраўніцтва Беларусі, будуць яму перададзеныя.

Удзельнікі акцыі ля амбасады Беларусі стаяць на тратуары каля будынку і на дарозе. У сувязі з гэтым рух транспарту на вуліцы Маскоўскай, на якой знаходзіцца амбасада Беларусі, зараз закрыты. Але грамадзкі транспарт ўдзельнікі пікету прапускаюць. Міліцыя не перашкаджае правядзеньню пікету.

У панядзелак увечары плот амбасады быў завешаны транспарантамі:







Фота: lifenews.ru