На Усьпенскай горцы, каля ўсталяванага там жалезнага крыжа, сабраліся ліквідатары, прадстаўнікі палітычных партый ды грамадзкіх арганізацый.
Разам з вернікамі грэка-каталіцкай канфэсіі і сьвятаром, айцом Зьміцерам Грышанам, прысутныя маліліся ў памяць пра тых, хто загінуў ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Да крыжа быў ускладзены вянок з жалобнай стужкай.
Звычайна памінальны вянок на ўгодкі чарнобыльскай трагедыі пускалі па Заходняй Дзьвіне, але сёлета да месца, дзе гэта можна зрабіць, проста не падысьці – у вусьці Віцьбы вядзецца будаўніцтва.
За ходам памінальнай імпрэзы назіралі міліцыянты. Цэлы аўтобус “спэцназаўцаў” на чале з камандзірам Юрыем Бухаўцовым дзяжурыў непадалёк, каля ўваходу ў станка-інструмэнтальны ліцэй.
Пасьля таго, як удзельнікі разышліся, навакольле яшчэ колькі часу патрулявалі міліцэйскія машыны.