Вынікі мясцовых выбараў. Онлайн-рэпартаж

25 красавіка ў Беларусі прайшлі выбары ў мясцовыя саветы. Паводле дадзеных ЦВК, яўка выбарцаў склала 79,5%. На ўчасткі прыйшло 5,56 мільёнаў чалавек. Датэрмінова прагаласавала 29,3% выбарцаў.
МЯСЦОВЫЯ ВЫБАРЫ. ОНЛАЙН-РЭПАРТАЖ



14.27 Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі лічыць, што 6 лютага зьяўляецца спрыяльнай датай для правядзеньня прэзыэнцкіх выбараў.


13.35 Ярмошына: "Эўрапейскаму электарату яшчэ расьці і расьці"



Карэспандэнт "Свабоды" Ўладзімер Глод у сваім пытаньні да старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай згадаў, што 25 красавіка адбыліся прэзыдэнцкія выбары ў Аўстрыі і парлямэнцкія – ва Ўгоршчыне.

У Аўстрыі, як паведамляюць, інфармацыйныя агенцыі, "абсалютная бальшыня выбарцаў іх праігнаравала".

Ва Ўгоршчыне колькасьць выбарцаў, якія прагаласавалі, значна меншая чым у Беларусі. І гэта прытым, што ў абедзьвюх краінах, асабліва ва Ўгоршчыне, вялася вельмі актыўная выбарчая кампанія.

А ў Беларусі, паводле паведамленьня Лідзіі Ярмошынай, толькі 23% кандыдатаў у дэпутаты скарысталіся грашыма, якая выдае дзяржава на агітацыю.

На гэтым тле амаль 80% выбарцаў, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні на мясцовых беларускіх выбарах, выглядаюць вельмі дзіўна. "Чым такое можна патлумачыць?"



Адказ старшыні ЦВК Беларусі прагучаў так: "Ну, што тут сказаць?! Расьці і расьці яшчэ эўрапейскаму электарату..."



13.15 ЦВК ня будзе ініцыяваць зьменаў выбарчага заканадаўства

Старшыня выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытаньні журналістаў, сказала, што Цэнтральная выбарчая камісія ня будзе да прэзыдэнцкіх выбараў ініцыяваць новыя зьмены ў выбарчым заканадаўстве.


Яна патлумачыла гэта тым, што калі гэта рабіць занадта часта, то трэба кожны раз перавучваць людзей, а гэта складаны працэс. І дадала: "Занадта частыя зьмяненьні выбарчага заканадаўства нашмат часьцей вядуць да беззаконьня, чым паляпшэньне выбарчага працэсу".

На пытаньне, калі пройдуць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, Лідзія Ярмошына адказала, што дату іх правядзеньня прызначае Палата прадстаўнікоў. Паводле яе дадзеных, гэтае пытаньне яшчэ не абмяркоўвалася.

Ярмошына сказала, што Цэнтральная выбарчая камісія сочыць толькі за тэрмінам правядзеньня выбараў. Апошні дзень, калі можна правесьці прэзыдэнцкія выбары, - 6 лютага 2011 года. Але гэта не азначае, што яны не могуць быць праведзеныя і раней.



13.05
У дэпутатах – прадстаўнікі толькі дзвюх партый


Cтаршыня выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына назвала некаторыя лічбы, якія тычацца выбарчага працэсу. У прыватнасьці яна паведаміла, што ўсяго ў галасаваньні ўзяло ўдзел 79,5% выбарцаў.


Акрамя таго, яна сказала, што абіраліся 21303 дэпутаты, а абралі на 10 меней. Гэта выклікана тым, што адзін з кандыдатаў у дэпутаты памёр, а яшчэ ў 9 безальтэрнатыўных акругах за вылучаемага кандыдата прагаласавала меньш за 50% выбарцаў, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні.

Лідзія Ярмошына таксама сказала, што пакуль ЦВК мае дакладны сьпіс дэпутатаў толькі па горадзе Менску. Паводле яе дадзеных, у Менску абраныя ўсе 57 дэпутатаў.

Сярод вядомых асобаў, якія сталі дэпутатамі Гарсавету, - дырэктар Беларускага Нацыянальнага мастацкага музея Ўладзімер Пракапцоў, кіраўнік справамі Менскага гарвыканкаму Міхаіл Савановіч, сакратар цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Георгі Атаманаў.

Паводле папярэдніх дадзеных, у Менску абсалютная бальшыня дэпутатаў – беспартыйныя. Дэпутатамі сталі прадстаўнікі толькі дзвюх партыяў: Камуністычнай партыі Беларусі і Сацыяльна-спартыўнай.


12.45
Верхнядзьвінск: балятаваліся 5 актывістаў, у саветы не прайшоў ніхто


Актывісты рэгіёну – Валянціна Кудлацкая, Натальля Васіленка, Алег Шулья, Павал Івашчанка, Валянціна Мінчук – сябры БСДП (Г) і аграмадзкіх арганізацый вылучаліся ў саветы розных узроўняў.

Паводле старшыні раённай суполкі БСДП (Г) Валянціны Кудлацкай, у райцэнтры з 8-тысячным насельніцтвам кожнага актывіста добра ведаюць.

Сама спадарыня Кудлацкая, і ейныя аднадумцы раней абіраліся ў раённы, і ў сельскія саветы. Сёлета ня выйграў ні адзін – у саветы трапілі спрэс праўладныя дэпутаты.


Алесь Лагвінец пра свой удзел у мясцовых выбарах





12.20 Віцебшчына: Прадстаўнікі партыі “Справядлівы сьвет” у мясцовыя саветы ня трапілі

Старшыня абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка кажа, што ягоныя аднапартыйцы “не прайшлі” ні ў рэгіёнах, ні ў абласным цэнтры.

Найбольшую колькасьць галасоў выбарцаў атрымалі Мікалай Петрушэнка, які балятаваўся ў Талачынскі раённы і Віцебскі абласны саветы, і Аляксандар Вінаградаў –кандыдат у дэпутаты Віцебскага гарадзкога і Віцебскага абласнога саветаў.

Яны атрымалі прыкладна па 25%.



12.00 У Гарадку не лічылі галасы


Шматлікія парушэньні на Гагарынскім участку №5 г. Гарадка (Віцебская вобласьць) адзначаюць назіральнікі.

Старшыня камісіі Вячаслаў Грыбанаў і сакратар Алёна Беланогава склалі адвольна пратаколы па пяці выбарчых акругах у мясцовыя Саветы.

Таксама з парушэньнямі заканадаўства былі пагашаныя бюлетэні, і назіральнікі не даведаліся, колькі бюлетэняў не выкарысталі.

Кандыдат у дэпутаты па Гарадоцкай акрузе №9 Леанід Аўтухоў падаў у Гарадоцкую пракуратуру заяву пра парушэньні правядзеньня выбараў на Гагарынскім участку.


11.58 Віцебшчына. Ніводзін з актывістаў Партыі БХД ня трапіў у дэпутаты


Усе незалежныя кандыдаты набралі 5-12 % галасоў.

Лідарам па колькасьці галасоў стаў Яўген Самсонаў з Глыбоччыны, які балятаваўся ў Віцнбскі абласны і Глыбоцкі раённы саветы. Ён набраў 30% галасоў.


11.55 Віктар Міхасёў прайшоў у дэпутаты Бараньскага гарсавету


Сябар БСДП(Г) стаў дэпутатам гэтага савету ўжо чацьверты раз. Барань - горад у Аршанскім раёне Віцебскай вобласьці.


11.30 Як лічылі галасы на
44-м выбарчым участку па Каменнагорскай выбарчай акрузе Менску № 32




Відэаролік каментуе адказны сакратар Партыі БХД Дзяніс Садоўскі, які бялаваўся на 44-м выбарчым участку па Каменнагорскай выбарчай акрузе Менску № 32:

“Мая давераная асоба, спадар Мікалай, спасылаючыся на Выбарчы кодэкс, патрабуе ад кіраўніцы ўчастковай выбарчай камісіі Валянціны Вярашчакі прысутнічаць пры падліку галасоў на адлегласці мінімум 2 мэтра, каб бачыць, як сябры выбарчай камісіі лічаць галасы. Аднак Вярашчака заявіла, што яна не будзе пачынаць падлік, пакуль назіральнік будзе "хоць нешта бачыць", і патрабавала з дапамогай міліцыянта ад назіральніка, адыйсці на 5 мэтраў. Назіральнік з каманды кандыдата ад БХД перашкаджаў выбарчай камісіі на адлегласці 2 мэтра, бо адбывалася татальная фальсіфікацыя выбараў".


11.00 На Гомельшчыне няма апазыцыйных дэпутатаў


Рэгіянальны каардынатар руху “За свабоду” Пётар Кузьняцоў зазначыў, што за прадстаўнікоў руху Зьмітра Сьцепанца й Дар’ю Сувораву, якія балятаваліся кандыдатамі ў Гомельскі гарсавет у акругах № 29 і 30, прагаласавалі, паводле папярэдніх зьвестак, 20—28 % гамельчукоў.

Кастусь Жукоўскі, каардынатар БХД, балятаваўся кандыдатам у дэпутаты аблсавету ў Студэнцкай выбарчай акрузе № 15. Ягоныя назіральнікі зафіксавалі, што на ўчастку № 61 за тры гадзіны дома прагаласавалі 213 чалавек. І ніводнага бюлетэня не было пададзена за апазыцыйнага кандыдата.

У Мазыры за кандыдата ў дэпутаты Гомельскага аблсавету, сябра Партыі БНФ прагаласавалі, паводле папярэдніх зьвестак, каля 10 адсоткаў выбарцаў. Прыкладна такі вынік і ў вылучэнца АГП Сяргея Лапусты.

Былы палітпрызыўнік, кандыдат у дэпутаты Мазырскага райсавету Франак Вячорка набраў каля 12 адсоткаў галасоў .


10.52 Назіральнік ад Партыі БНФ Вацлаў Арэшка: У мяне ёсьць сумненьні ў сумленнасці правядзення выбараў


Your browser doesn’t support HTML5

"У мяне сумненьні ў сумленнасці выбараў"





10.35 БНБ без дэпутатаў

Лідэры Беларускага незалежніцкага блёку падвялі папярэднія вынікі мінулай выбарчай кампаніі

Ніхто ад Беларускага народнага фронту, "Маладой Беларусі" і руху "За свабоду" не здолеў атрымаць дэпутацкі мандат.

Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што гэтую кампанію ўвогуле нельга назваць выбарамі: "Гэта былі несапраўдныя выбары ў несапраўдныя саветы". Паводле Янукевіча, зьмены ў Выбарчы кодэкс ніякім чынам не паўплывалі на дэмакратычнасьць выбараў. Узровень маніпуляцый і парушэньняў нават узрос у параўнаньні з папярэднімі кампаніямі. Найбольш істотным ён назваў штучна масавае, арганізаванае ўладамі дарэміновае галасаваньне.

Лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч тым не меней заявіў, што мэты, якія ставіліся ў гэтай кампаніі, у цэлым дасягнутыя. Яны былі ў тым, каб змагацца за давер насельніцтва, падтрымліваць у грамадстве пратэстны настрой і выкрываць механізмы фальсыфікацыяў.

Паводле Мілінкевіча, які праехаў за гэтай кампаніяй амаль усе вобласьці Беларусі, грамадзтва стала больш сьпелым, людзі з большым разуменьнем ставяцца да выказваньняў альтэрнатыўных кандыдатаў.



10.30 Два дэпутаты ад "Справядлівага сьвету"

Аляксандар Галькевіч
Двух дэпутатаў мясцовых саветаў у Берасьцейскай вобласьці, паводле папярэдніх дадзеных, правяла партыя "Справядлівы сьвет". Пра гэта "Свабодзе" паведаміў сакратар ЦК партыі Валеры Ўхналёў:

"Аляксандар Галькевіч – урач "Хуткай дапамогі" стаў дэпутатам Баранавіцкага гарадзкога савета. Ён ва ўпартай барацьбе з адрывам амаль у 300 галасоў перамог стаўленіка "вэртыкалі" – рэдактара афіцыйнай мясцовай газэты "Наш край" Міхаіла Шубіча. А Ўладзімер Дарафей стаў дэпутатам Берасьцейскага раённага савета ў безальтэрнатыўнай акрузе".


9.45 Прэсавыя канферэнцыі па выніках выбараў


10.00, вул. Машэрава, 8, офіс Партыі БНФ
Прэсавая канфэрэнцыя аб выніках мясцовых выбараў з удзелам лідэраў "Беларускага незалежніцкага блока" (БНБ) Аляксандра Мілінкевіча і Аляксея Янукевіча, а таксама кандыдатаў у дэпутаты ад БНБ.

11.00, вул. Машэрава, 8, офіс Партыі БНФ
Прэсавая кіраўніцтва Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

12.00, Нацыянальны прэсавы цэнтар
Прэсавая канферэнцыя старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай.

14.00, офіс БХК
Прэс-канферэнцыя па выніках маніторынгу выбараў у мясцовыя саветы удзельнікаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".


9.20 Тры дэпутаты ад БХД абраныя ў мясцовыя саветы


Ад стваранай Партыі Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі ў мясцовыя саветы абраныя тры дэпутаты.

Дэпутатам Асіповіцкага райсавета стаў вэтэрынар Аляксей Цюлькоў.

Настаўніца Жанна Шчарбініна перамагла ў Аўсянкаўскай сельскай акрузе ў Горацкім раёне. Яна набрала 51%.

Дэпутатам па Сідрынскім сельсавеце ў Кобрынскім раёне стаў ваенны пэнсіянэр Віктар Бардзюг.


Напярэдадні


Рэпэтыцыя ўдалася. Сёлета могуць быць і прэзыдэнцкія выбары

Мясцовыя выбары. Онлайн-рэпартаж

Станьце карэспандэнтам “Свабоды!



Станьце карэспандэнтам “Свабоды!
Зрабіце фота.

Здыміце відэа.

Дашліце на адрасы rferl.minsk@gmail.com і svaboda@rferl.org

Пазваніце на тэлефон у Менску +375 17 266 39 52