Вядомыя апазыцыйныя палітыкі вырашылі праігнараваць галасаваньне на мясцовых выбарах.
Экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандр Казулін заявіў, што ня будзе галасаваць.
«Навошта галасаваць, калі выбараў у краіне няма?» — заявіў ён у інтэрвію БелаПАН.
Ня будуць удзельнічаць у галасаваньні лідэры Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін.
Анатоль Лябедзька нагадаў, што АГП на зьезьдзе прыняла рашэньне выйсьці з выбарчай кампаніі.
Лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч таксама не плянуе галасаваць. Лідэр руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч пакуль ня вызначыўся, бо прапісаны ў вёсцы Бершты, дзе па акрузе балятуецца толькі кандыдат ад улады.
5 красавіка лідэры дэмакратычных партый і рухаў выступілі з сумеснай заявай. У ёй гаворыцца, што «выбараў у Рэспубліцы Беларусь па-ранейшаму няма. І, адпаведна, няма падстаў прызнаць, што сёлетняя выбарчая кампанія адпавядае стандартам свабодных і справядлівых выбараў».
Заяву падпісалі лідэры 12 партый і грамадзкіх аб’яднаньняў.