Давераная асоба кандыдата ў дэпутаты мясцовага савету Ўладзімер Целяпун не выключае, што супраць Франка складуць пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэньне за дробнае хуліганства.
Ён расказаў, што Франак прыехаў на выбарчы ўчастак і ўбачыў, што ягоны плякат супрацоўніца камісіі завешвае іншым вялізным плякатам пра тое, што 25 красавіка адбудуцца выбары, хоць месца хапала.
Франак Вячорка зьняў гэты плякат і панёс яго для разьбіральніцтва старшыні камісіі. У гэты момант з машын павыскоквалі людзі ў цывільным і міліцыянты, схапілі Франка й павезьлі яго ў міліцыю.
Бацька Франка Вінцук Вячорка не выключае, што такім чынам яго сына паспрабуюць ізаляваць напярэдадні выбараў.
Франка Вячорку супрацоўнікі мазырскай міліцыі адпусьцілі а 21 гадзіне.
Кандыдат у дэпутаты паведаміў, што яго спачатку абвінавацілі ў тым, што ён нібыта чапляўся да жанчыны. Потым міліцыянтам нехта патэлефанаваў і тыя папрасілі ў Франка прабачэньня й адпусьцілі.
Пратаколу не складалі, у міліцыі застаўся толькі рапарт затрыманьня.