Актывістка стваранай партыі БХД Алена Шабуня, якая балятуецца ў Віцебскі абласны і гарадзкі саветы, праводзіла ўчора агітацыйны пікет, дзе ня толькі размаўлялі пра выбары, але яшчэ й сьпявалі пад акардэон.
Пікет праводзіўся ў вызначаным раённай адміністрацыяй месцы — у парку імя 30-годзьдзя ВЛКСМ. Гэта, па сутнасьці, бязьлюднае месца, дзе не бывае мінакоў — і людзі прыйшлі на сустрэчу з кандыдаткай хіба што «на гук». Таму пікетоўцы віталі кожнага госьця: для дзяцей сьпявалі песьні з мультфільмаў, а дарослым нават прапаноўвалі патанчыць польку. Увогуле ж выконваліся самыя розныя па зьмесьце песьні — у тым ліку і на рэлігійную тэматыку.
Сёньня абласная выбарчая камісія абвясьціла незалежнай кандыдатцы папярэджаньне: нібыта нехта з грамадзян паскардзіўся, што на пікеце сьпявалі псалмы і раздавалі «рэлігійныя» газэты «Крыніца» і «Весьнік», якія выпускаюць актывісты стваранай БХД.
Паводле Алены Шабуні, учора ніхто з гараджанаў не выказваў прэтэнзій, быццам на пікеце абражаюць іхныя рэлігійныя ці наадварот — грамадзянскія пачуцьці. Таму папярэджаньне ад выбарчай камісіі яна лічыць спробай ціску на яе як незалежную кандыдатку.