Новы амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры заявіў, што падтрымлівае магчымы ўдзел Францыі ў будаўніцтве беларускай атамнай станцыі, аднак рашэньне ў гэтай справе можа прымаць толькі францускі бізнэс.
Затрымка з расейскім крэдытам на будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне вымушае беларускія ўлады шукаць новых інвэстараў для гэтага праекту. «Ці можа актыўна ўдзельнічаць у будаўніцтве беларускай АЭС Францыя?» — запытаў я ў Мішэля Рэнэры:
«Няма ніводнага ў Беларусі больш зацікаўленага за мяне чалавека ў тым, каб францускія прадпрыемствы пабудавалі тут атамную АЭС. Па-першае, нашы станцыі найлепшыя і самыя бясьпечныя ў сьвеце. А па-другое, таваразварот паміж Францыяй і Беларусьсю адразу б павялічыўся ў дзясятак разоў. І менавіта ў мяне самая вялікая матывацыя, каб падзеі разьвіваліся так.
Але цяпер я сутыкаюся зь дзьвюма праблемамі. Па-першае, гэта вырашае не францускі ўрад, а нашы бізнэсоўцы, нашы кампаніі. А па-другое, гэта вялізарныя грошы, вялізарныя ўкладаньні. Гэта вельмі дарагая рэч».
Падставай для сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі сталі пэрспэктывы супрацоўніцтва паміж Францыяй і Беларусьсю па выніках візыту ў Менск дзяржсакратара ў эўрапейскіх справах МЗС Францыі П’ера Лялюша. Амбасадар падкрэсьліў, што Беларусь упершыню прымала францускага чыноўніка такога высокага рангу.
Францыя выступае за шчыры дыялёг зь Беларусьсю.
«Францыя выступае за шчыры дыялёг зь Беларусьсю. Дыялёг, у якім няма гегемона і які скіраваны на разьвіцьцё нармальных стратэгічных дачыненьняў», — казаў сёньня амбасадар Мішэль Рэнэры. Менавіта гэтым амбасадар патлумачыў запрашэньне, накіраванае групе дэпутатаў Нацыянальнага сходу Беларусі, — наведаць у траўні Парыж. Іх запрасілі сюды францускія парлямэнтары. «Але калі францускія дэпутаты жадаюць сустрэцца зь беларускай апазыцыяй, яны маюць і такую магчымасьць», — патлумачыў Мішэль Рэнэры.
Журналісты спыталіся ў амбасадара: а ці можна назваць пазытыўным крокам з боку Менску прытулак, дадзены тут Курманбеку Бакіеву? Амбасадар адказаў, што гэта асабістае рашэньне кіраўніка беларускай дзяржавы. І ён ня можа гэта камэнтаваць. Разам з тым амбасадар Рэнэры адзначыў, што Беларусь з такой нагоды зноў зьявілася на старонках найбуйнейшых эўрапейскіх выданьняў.