Анкета Свабоды: Павал Ляхновіч

Павал Ляхновіч

Павал Ляхновіч нарадзіўся ў вёсцы Сярэдняя Менскага раёну, але сапраўднай радзімай лічыць мястэчка Ракаў і Ракаўшчыну, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады. Адукацыю атрымаў у Касьпійскім вышэйшым вайскова-марскім чырванасьцяжным вучылішчы імя Кірава (г. Баку, Азэрбайджан). Служыў на падводных лодках і надводных караблях Паўночнага флёту, быў выкладчыкам у навучальным атрадзе ў Пінску. Пасьля звальненьня ў 1991 годзе ў запас працаваў карэспандэнтам у рэгіянальных газэтах, трэнерам па кік-боксінгу, «выбівалам» у рэстаране, целаахоўнікам, намесьнікам дырэктара і дырэктарам камэрцыйных прадпрыемстваў, на лядовых пераправах у Расеі, на будоўлях у Варшаве, Саляхардзе і пад Масквой. Піша прозу і перакладае з расейскай і польскай моваў на беларускую. Аўтар зборнікаў апавяданьняў "Пачатак сэзону" і "Золата князёўны". Жыве ў Пінску.

Што для вас свабода?

Магчымасьць жыць і дзейнічаць у гармоніі з уласнымі перакананьнямі.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Разуменьне, што мая свабода павінна быць у кампрамісе са свабодай "суседа" (г.зн. таго, каму межы маёй свабоды могуць нейкім чынам замінаць).


Што для вас шчасьце?

Адсутнасьць няшчасьця. А яшчэ адчуваю велізарны пад'ём, калі бачу бел-чырвона-белыя сьцягі над грамадой. Не дарэмна іх баіцца апрычніна.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Згубіць блізкіх. Згубіць незалежнасьць Беларусі.


Які талент вы хацелі б мець?

Талент пераконваць.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

На жаль усе, ад каго я ў захапленьні, ужо пайшлі ў вечнасьць – Уладзімер Караткевіч, Ісаак Бабель, Уладзімер Высоцкі, Станіслаў Булак-Балаховіч.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Ныраць з арбалетам у празрыстую рыбную ваду. Пісаць (калі пішацца, бо бывае, што трэба сябе прымушаць - тады не люблю). Назіраць за дзікімі жывёламі ў натуральнай прыродзе.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Жыў і жыву цікава. Нічога б не мяняў.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Ад мамы – зычыць людзям дабра. Ад таты – не сьпяшацца. Іх няма ўжо. Шкада, што парады іхныя не заўсёды выконваю.


Які ваш улюбёны дэвіз?

Ды няма ніякага дэвізу…


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У нацыянал-капіталістычнай. Каб "нацыянал"-частка была беларускай, а "капіталізм" - ну, напрыклад, як у Швэцыі.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

Дзе хацеў бы жыць, там і жыву, - у Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Ня ведаю, ня думаў. Я рэаліст, і на нязбыўныя мроі не хварэю. Паслаў мяне Бог на сьвет у другой палове дваццатага стагодзьдзя – значыць так Яму трэба. Тут ад майго хаценьня-нехаценьня зусім нічога не залежыць.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Надаў бы статус адзінай дзяржаўнай мовы – мове беларускай. І пачаў бы дэрусіфікацыю краіны.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Партнэрскія і цёплыя, але не павінна імкнуцца туды ўступіць, бо гэта саюз эканомік без уліку патрэбаў этнасаў. Калі моцныя этнасы Эўропы гэта могуць вытрываць, то падарванаму "здароўю" беларускага моцна зашкодзіць.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Асьцярожныя.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Я б сказаў так: "Калі ўжо няма альтэрнатывы дыктатуры, то ўвесь час яе існаваньня хай бы яна была зь беларускім зьместам".


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Некалі Савецкая ўлада здавалася мне абсалютна "нерушімой", а абрынулася амаль імгненна. Таму даваць такі прагноз мне не пад сілу. Цалкам можа здарыцца, што яна абрынецца зусім нечакана, а можа прыдзецца чакаць да зьмены «натуральтным» шляхам – і тады у нас можа рэалізавацца спадчынная дзяржава, можа нават ВКЛ (княства лукашэнкаў) . Бачу, што "усенароднаабранага" баяцца нават у бліжэйшым атачэньні, а значыць – ненавідзяць. Так што магчымы і «вярхушачны пераварот», які для Беларусі хутчэй за ўсё ня будзе карысным.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Нельга казаць, што беларусы не размаўляюць па-беларуску. Такіх вельмі шмат. І яшчэ больш тых, хто валодае мовай пасіўна. Так што пытаньне лепш было б сфармуляваць неяк накшталт: "Калі ўсе беларусы…" Тады, калі па-беларуску загавораць пасьпяховыя людзі. А ў вачох шараговых беларусаў пасьпяховымі зьяўляецца клас кіраўнікоў – ад брыгадзіра даярак да прэзыдэнта. Значыць, трэба каб па-беларуску загаварыла першая асоба. Заўважце – колькі вусатых зараз мільгае на экранах БТ? Калі першая асоба загаворыць па-беларуску – будзе той жа фэномэн, што і з вусамі. І дакоціцца да самага нізу.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Такой нават думкі не павінна быць. Загавораць усе! І будуць ганарыцца Беларусьсю і сабою. Бо мы не можам, не павінны зьнікнуць.