Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 21 красавіка 2010 году.
Галоўнай тэмай у пошце Беларускай Свабоды на мінулым тыдні заставалася выбарчая кампанія. Датэрміновае галасаваньне на мясцовых выбарах у Беларусі ўжо пачалося, але многія грамадзяне і сёньня ня маюць ніякага ўяўленьня пра тое, за каго ім прапануюць аддаць галасы.
Наш даўні сябар Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, пацікавіўся сьпісам кандыдатаў у сваім раёне і на падставе яго аналізу прыйшоў да наступнай высновы (цытую допіс):
"Калі б ня ведаў, што ў нас адбываецца, дык падумаў бы, што ў Маладэчанскім раёне жывуць толькі кіраўнікі розных прадпрыемстваў і ўстаноў. Бо сьпіс кандыдатаў складаецца пераважна зь іх ды іхных намесьнікаў. Яшчэ ўражвае тое, якая малая канкурэнцыя: 46 прэтэндэнтаў на 40 акругаў.
Улада ўжо нават не гуляе ў выбары, а цынічна, нікога не баючыся, усіх запалохаўшы, дзеліць паміж сабой дэпутацкія крэслы. І ўсё гэта робіцца з блаславеньня галоўнага гаспадара. Ну, а чые інтарэсы будуць абараняць такія дэпутаты — усім зразумела.
Ад гаспадароў на месцах пры гэтым патрабуецца адно: трымаць падданых у кулаку, не дапускаць ніякіх праяў незадаволенасьці. Будзеш верна служыць — атрымаеш узнагароду (ад 12 службовых акладаў). Канечне, для многіх зь іх гэта — драбяза ў параўнаньні з тым, што яны і так маюць. Колькі нерухомасьці запісана ў іх на блізкіх і далёкіх сваякоў, колькі грашовых раўчукоў, апроч немалога афіцыйнага заробку, сьцякаецца да кожнага...
А яшчэ незразумела: чаму ў анкетах, дзе патрабуецца ўказваць партыйнасьць, яны паўсюль пішуць "беспартыйны". А куды падзелася прыўладная партыя "Белая Русь"? Упэўнены, што большасьць іх да яе належыць. Ведаю, што на некаторых прадпрыемствах у гэтую партыю прымусова запісалі ўсіх работнікаў. Так здарылася, напрыклад, у “Маладэчанскіх электрасетках”. Ці, можа, гэта партыя ўжо ў падпольлі?" .
Фармальна "Белая Русь" — не палітычная партыя, а рэспубліканскае грамадзкае аб'яднаньне. Таму прыналежнасьць да яе кандыдаты ў дэпутаты не павінны дэкляраваць у анкетах, як партыйнасьць.
Самі стваральнікі гэтай праўладнай арганізацыі, якую ўзначальвае міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў, не хаваюць, што ў любы момант могуць ператварыць яе ў палітычную партыю. Аднак, паводле таго ж Радзькова, яны ня хочуць (цытую) "фарсіраваць падзеі і штучна "зьверху" насаджаць партыйнае будаўніцтва" (канец цытаты). Хоць у сапраўднасьці многія з 87 тысяч чалавек былі запісаны ў гэтую структуру менавіта ў загадным парадку і паводле спушчанай "зьверху" дырэктывы.
Аўтар наступнага ліста, Руслан Дылевіч зь Менску, акцэнтуе ўвагу на тым, як улада ставіцца да дзейнасьці апазыцыі, у прыватнасьці — да права грамадзянаў на мірныя дэманстрацыі. Слухач піша:
"Чытаю незалежныя газэты і раз-пораз бачу ў паведамленьнях пра дзейнасьць апазыцыі адны і тыя ж фразы: "Улады не дазволілі шэсьце...", альбо зрэдку: "Улады дазволілі пікет на плошчы Бангалор". Мяне гэта абурае. Такое ўражаньне, што нас трымаюць за сабак. Захоча гаспадар — выпусьціць з будкі, не захоча — будзе трымаць на ланцугу. Абуральна.
Хутка ў Менску традыцыйны Чарнобыльскі шлях. І калі ўлады зноў не дадуць згоды на правядзеньне гэтага шэсьця, я прапаную сабрацца ўсім апоўдні 26-га красавіка ля Акадэміі навук. Буду рады, калі вы мяне падтрымаеце".
Актывісты апазыцыі сёлета, як і ў папярэднія гады, загадзя падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне традыцыйнага Чарнобыльскага шляху і заклікаюць сваіх прыхільнікаў прыйсьці 26 красавіка а 18-й гадзіне да будынка прэзыдыюму Акадэміі навук. Досьвед мінулых гадоў паказвае, што гэтае шэсьце адбываецца незалежна ад таго, даюць на яго ўлады дазвол ці не. Іншая справа — якой будзе колькасьць удзельнікаў. Варта заўважыць, што сёлета многія апазыцыйныя лідэры плянуюць у гэты дзень не ісьці на плошчу, а паехаць у забруджаныя ў выніку чарнобыльскай катастрофы раёны Гомельшчыны і Магілёўшчыны.
Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” — агляд лістоў на “Свабоду”. З вамі Валянцін Жданко.
Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў, як і многія іншыя слухачы “Свабоды”, адклікнуўся на трагедыю, што напаткала польскі народ. У сувязі з катастрофай прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам, у выніку якой загінулі кіраўнік Польшчы Лех Качыньскі і дзясяткі іншых дзяржаўных і грамадзкіх дзеячаў, спадар Кастусь піша:
"Дык чаму ў Беларусі не была аб’яўлена жалоба па загінулых у авіякатастрофе? Нават у Бразыліі аб’явілі, а ў нас — не, хаця значную частку насельніцтва Беларусі (прынамсі некалькі соцень тысяч чалавек) складаюць палякі. Зрэшты, Радыё Свабода дало такі вычарпальны аналіз гэтай тэмы, што дадаць што-небудзь цяжка. Таму вырашыў напісаць пра іншае, цесна зьвязанае зь перапыненым сьмерцю візытам польскай дэлегацыі.
На мой расповед натхнілі мяне ўспаміны адной маёй знаёмай — старой беларускі, якая вучылася ў польскай школе ў Заходняй Беларусі. Было гэта каля 75 год таму. Першы верш, які вучылі на памяць першаклясьнікі польскіх школ у Заходняй Беларусі (мяркую, што і ў Польшчы), гучаў так:
— Kto ty jesteś? — Polak mały.
— Jaki znak twój? — Orzeł biały.
— Gdzie ty mieszkasz? — Między swemi.
— W jakim kraju? — W polskiej ziemi.
— Czym ta ziemia? — Mą ojczyzną.
— Czym zdobyta? — Krwią i blizną.
— Czy ją kochasz? — Kocham szczerze.
— A w co wierzysz? — W Polskę wierzę.
— Czym ty dla niej? — Wdzięczne dziecię.
— Coś jej winien? — Oddać życie.
Ня ўсе радыёслухачы разумеюць па-польску, таму даю пераклад па-беларуску:
— Хто ты ёсьць? — Паляк малы.
— Які твой знак? — Белы арол.
— Дзе жывеш? — Паміж сваімі.
— У якім краі? — На польскай зямлі.
— Што гэта за зямля? — Мая Айчына.
— Чым здабыта? — Крывёй і ранамі.
— Ці любіш яе? — Люблю шчыра.
— А ў што верыш? — У Польшчу веру.
— Хто ты для яе? — Удзячнае дзіця.
— А што ёй павінен? — Аддаць жыцьцё.
Заняткі ў школе кожны дзень пачыналіся з малітвы, якую чыталі вучні разам з настаўнікам. Вось яе тэкст у перакладзе на беларускую мову:
“Дух сьвяты, які асьвячае нашыя сэрцы і намеры! Дай нам ахвоты і здольнасьці, каб гэтая навука была для нас здабыткам. Амэн!”
Падобную малітву вучні чыталі і пасьля заняткаў.
Дзеля чаго я пра ўсё гэта напісаў? Гэта — маленькія цаглінкі таго маральнага падмурку, на якім грунтавалася выхаваньне польскіх афіцэраў, забітых у Катыні".
Памятаю, у савецкім школьным падручніку беларускай літаратуры пачатак гэтага верша цытаваўся як прыклад гвалтоўнага апалячваньня маленькіх беларусаў — у разьдзеле, дзе вывучалася творчасьць Максіма Танка. Максім Танк у Заходняй Беларусі заўзята змагаўся з палянізатарамі, але ў той Савецкай Беларусі, якой ён урэшце дачакаўся, росквіту беларускай мовы не адбылося. Палянізацыя зьмянілася яшчэ больш жорсткай русыфікацыяй, якая працягваецца і зараз, хоць Беларусь і стала незалежнай.
Што да верша, то ён быў напісаны ня надта вядомым аўтарам Уладыславам Бэлзам 110 год таму, калі польскі народ, падзелены паміж трыма імпэрыямі, змагаўся за аднаўленьне сваёй дзяржавы, але найперш — за захаваньне ўласнай нацыянальнай адметнасьці.
Гэтыя радкі ведае на памяць не адно пакаленьне палякаў.
Верш і зараз лічыцца своеасаблівым катэхізісам кожнага польскага дзіцяці. А ці ёсьць падобны катэхізіс у маленькіх беларусаў?
На заканчэньне кароткі ліст ад Анатоля Адаменкі з Гомелю — з заўвагамі і просьбамі на адрас “Свабоды”. Слухач піша:
“Быў прыемна зьдзіўлены і ўражаны тым, як выразна і чыста стала гучаць апошнім часам Беларуская Свабода на маім зусім ня новым прыймачы “Верас 225”. А вось увосень пасьля пераводу на зімовыя хвалі з гэтым былі праблемы.
Шкада, што ня маю свабодаўскіх каляндарыкаў на гэты год.
Тое, што адбываецца ў Беларусі, вы даволі падрабязна асьвятляеце. Зараз вельмі непрыкметна праходзіць выбарчая кампанія: часам такое ўражаньне, што яе ўвогуле няма. Надавайце гэтай падзеі больш увагі. ю
Калі ёсьць такая мажлівасьць, прышліце, калі ласка, каляндарыкаў на гэты год”.
І Вам, спадар Анатоль, і сотням іншых сяброў “Свабоды” мы неўзабаве дашлем новыя каляндарыкі зь летнім раскладам нашых перадач.
Што да выбарчай кампаніі — навіны яе штодня гучаць у нашым эфіры, і з набліжэньнем дня асноўнага галасаваньня гэтай тэме будзе надавацца ўсё больш увагі. Іншая справа, што, сапраўды, заўважнай і цікавай перадвыбарчай барацьбы на ўсіх папярэдніх этапах гэтай кампаніі фактычна не было. На тое ёсьць шмат прычын — пра іх мы таксама стараемся гаварыць у сваіх аналітычных ды інфармацыйных праграмах.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск -5, Паштовая скрынка 111.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by