Прысуд Аўтуховічу, Асіпенку, Казлову і Ларыну абвесьцяць 6 траўня

На працэсе ў Вярхоўным судзе, дзе судзяць гэтак званых «тэрарыстаў» Мікалая Аўтуховіча ды іншых, скончыліся судовыя спрэчкі, і абвінавачаныя выступілі з апошнім словам.
Напярэдадні ў прадстаўніка дзяржаўнага абвінавачаньня Эльдара Сафарава была магчымасьць зрабіць рэпліку ў адказ на прамовы адвакатаў, але Сафараў ад рэплікі адмовіўся, і судзьдзя Аляксей Цяцюхін даў апошняе слова абвінавачаным. Першым, больш як гадзіну, выступаў Мікалай Аўтуховіч. Ён зноў заявіў, што ні ў чым не вінаваты, і падрабязна прааналізаваў доказы, сабраныя сьледзтвам. Паказаньні Аляксандра Ларына Мікалай Аўтуховіч абверг больш чым у 20 выпадках і паўтарыў меркаваньне, што гэты чалавек яго агаворвае. Паводле Аўтуховіча, Ларын паклёпнічае на замову сьледзтва і ў пэўных асабістых мэтах. Увогуле пра справу аб падрыхтоўцы тэракту Аўтуховіч сказаў, што «яна сьмеху вартая».

Шмат месца ў апошнім слове Мікалай Аўтуховіч прысьвяціў карупцыі вышэйшых чыноўнікаў у Ваўкавыску, Гарадзенскай вобласьці, а таксама ў Менску. Сваю барацьбу з карупцыяй чыноўнікаў Мікалай Аўтуховіч лічыць асноўнай прычынай таго, што з 2003 году яго перасьледуюць. Справу пра «падрыхтоўку да тэракту» Аўтуховіч разглядае як працяг справы пра падаткі, паводле якой ён ужо адседзеў у турме:
Мяне перасьледуюць, бо не зьмірыўся.
«Мяне перасьледуюць, бо не зьмірыўся і працягваў змаганьне за сваю рэабілітацыю і пакараньне чыноўнікаў».

Вось што распавёў «Свабодзе» назіральнік за працэсам, грамадзкі актывіст Вячаслаў Сіўчык.

«Прамова Аўтуховіча была грунтоўнай і доўгай. Таксама вельмі важна, што Мікалай Аўтуховіч падзякаваў людзям, якія падтрымлівалі яго ў турме і ў судзе, падзякаваў тым журналістам, якія «паведамлялі праўду пра працэс», і сказаў, што «рана ці позна праўда пераможа».

Пасьля Аўтуховіча з апошнім словам выступіў былы міліцыянт Міхаіл Казлоў. І ён не прызнае сябе вінаватым, а справу лічыць фальшаванай. Міхаіл Казлоў распавёў, што паводле артыкула аб злоўжываньнях была заведзеная крымінальная справа супраць намесьніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко, Казлоў асабіста браў удзел у расьсьледаваньні. Аднак на замову вышэйшых чыноўнікаў справу спынілі і здалі ў архіў, сказаў былы міліцыянт. Нагадаем, Васіль Камянко лічыцца ў справе Аўтуховіча пацярпелым. Аўтуховіч мяркуе, што на загад Камянко «разбуралі ягоны бізнэс». У судзе Васіль Камянко абверг гэтыя прэтэнзіі і сказаў, што ня мае дачыненьня да карупцыі.

Прыйдзе час, і прозьвішчы тых, хто сфальшаваў гэтую справу, таксама стануць вядомыя.
Пасьля перапынку з апошнім словам выступіў Уладзімер Асіпенка, які таксама не прызнаў сябе вінаватым. Паводле Асіпенкі, гэта трэцяя спроба чыноўнікаў «расправіцца зь ім за ягоную барацьбу з карупцыяй і прававой сваволяй». Пра Аўтуховіча Асіпенка сказаў, што той заўсёды дапамагаў людзям, якія цярпяць ад свавольства чыноўнікаў. Уладзімер Асіпенка нагадаў, што ягоны дзед у 1937 годзе нізавошта быў расстраляны, але праз колькі год сталі вядомыя прозьвішчы тых, хто паклёпнічаў на дзеда. «Прыйдзе час, і прозьвішчы тых, хто сфальшаваў гэтую справу, таксама стануць вядомыя», — перакананы Ўладзімер Асіпенка.

З апошнім словам выступіў і Аляксандар Ларын, які прызнаў сваю віну цалкам. Паводле назіральнікаў, прамова Ларына была сумбурная. Некалькі разоў Ларын паўтараў, што не агаварыў Аўтуховіча, Асіпенку і Казлова, а тыя самі вінаватыя ў тым, што арыштаваныя.

Прысуд па гэтай справе прагучыць 6 траўня.