Пасланьні зь мінулага: цытаты са штогадовых пасланьняў А.Лукашэнкі мінулых гадоў

20 красавіка Аляксандар Лукашэнка выступіць перад Нацыянальным сходам з чарговым штогадовым пасланьнем. А што ён казаў у сваіх папярэдніх пасланьнях? Нагадаем некаторыя яго выказваньні з пасланьняў мінулых гадоў.



2005


“Зазіраючы ў 2010 год і гэтак далей, мы робім гэта не дарма. Мы з вамі будзем рэалізоўваць гэтыя задачы і праграмы, нягледзячы на любы ціск збоку”.

“Мы катэгарычна не прымаем сцэнарыі дэмакратычнай зьмены палітычных элітаў, няўгодных Захаду. Усе гэтыя каляровыя рэвалюцыі ніякія на самай справе не рэвалюцыі, гэта адкрыты бандытызм пад выглядам дэмакратыі”.

“Вы (амэрыканцы) ўжо тры гады шукаеце, што я ўкраў… Час ужо паказаць народу беларускаму і ўсяму сьвету, што ўкраў гэты

Лукашэнка. Што, знайсьці ня можаце? Да Ірака дабраліся, разьбілі краіну, а знайсьці рахункі ня могуць. Гэта ж 11 мільярдаў даляраў. Гэта ж ня жартачкі”.

“Атрымліваю стэнаграму гэтага закрытага сакрэтнага зборышча (апазыцыі). Адно: “Дайце грошы, дайце грошы, няма грошай, – ня будзе рэвалюцыі. Заўтра дасьце – будзе позна, давайце сёньня”.

2007


"Альтэрнатывы дачыненьням з Расеяй не існуе".

“Калі альянсы разгортваюць вайсковыя базы ля нашых межаў, будзем мацаваць абароназдольнасьць”.

“Мы не стаім з працягнутай рукой. Ва ўзаемаадносінах з ЗША і Эўразьвязам мусіць быць раўнапраўе”.

“Эканоміка ня можа залежаць ад аднаго пастаўшчыка вуглевадародаў. У нас добрыя дачыненьні з Вэнэсуэлай, Іранам, Азэрбайджанам. Нам важна, каб мець сваю нафтаздабычу ў гэтых краінах. Мы не застрахаваныя ад крызісаў, які адбыўся зімой”.

“Мы пабудуем уласную АЭС. Так званая апазыцыя ўжо адстала ад таго меркаваньня народу, якое ўжо існуе. Мы і так ужо абкружаныя АЭС. У Беларусі будзе самы бясьпечны варыянт АЭС з самымі новымі тэхналёгіямі. АЭС – гэта гарантыя энэргабясьпекі краіны. Паўтору чарнобыльскай трагедыі ня будзе. Хто будзе будаваць АЭС? Не хацелася б залежаць ад РФ у будаўніцтве АЭС. Гэта будзе адкрыты конкурс. Прыярытэт будзе аддадзены цане і якасьці”.

“Мне бяз сэнсу (даваць хабар). Мне за 13 гадоў ніхто не прынёс ніякіх грошай і не паклаў на стол, не прынясе і не пакладзе. Калі б такое было, ужо б расьпісалі, размазалі па ўсіх сьценках ад Захаду да Ўсходу. Калі ўжо Буш там шукаў мае рахункі, дагэтуль знайсьці ня можа. Ну, калі Буш не знайшоў, то наўрад ці хтосьці знойдзе, калі яны нават былі”.

2009


"Магчыма, мой візыт у госьці да папы рымскага зыходзіць з таго, што кіраўніцтва каталіцкага касьцёлу найвышэйшым чынам ацэньвае тое, што мы робім для каталікоў. Патрыярх найвышэйшым чынам ацэньвае тое, што мы робім для праваслаўных".

"Раздаюцца галасы, што калі мы прызнаем Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, то мы вас пакараем. Дык вы Расею пакарайце. Яна першая прызнала".

"Калі хоць аднаму чалавеку будзе нязручна ў Празе на саміце ад прысутнасьці прадстаўніка Беларусі, то не запрашайце. Ня хочаце, каб там быў Лукашэнка, дык так і скажыце. А не рабіце так, як адзін высокапастаўлены прадстаўнік сказаў, што не падасьць руку. Не падасі – і ня трэба, толькі бяз хамства. Я люблю, калі гавораць наўпрост".

“Патрабаваць ад Лукашэнкі зьмяніць законы, зламаць выбарчую сыстэму, разбурыць СМІ, аддаць іх апазыцыі… Родненькія мае! Шмат хто з вас адкрыта кажа: “Калі нашую апазыцыю адкрыта выпусьціць у сродкі масавай інфармацыі, то (цытую) “95% насельніцтва Беларусі наагул будуць ад яе шарахацца як ад заразы”. Гэта ня мной сказана. Гэта вы сказалі! Я не называю канкрэтныя прозьвішчы дыпляматаў”.

"Мы ня йшлі й ня пойдзем на повадзе ў тых, хто кажа пра непазьбежнасьць для нас дылемы: альбо на Ўсход, альбо на Захад. Нашыя адносіны з Эўропай нельга назваць простымі. Для нас вельмі важная нармалізацыя адносін з Эўразьвязам. Але прагінацца і прыніжацца дзеля гэтага мы ня будзем".

"Я вельмі паважаю гэтага чалавека (Леніна). Ягонае сьвятое правіла ніхто не абвергнуў: "Любая ўлада толькі тады нечага вартая, калі ўмее абараняцца". Мы зробім усё, каб гэтая ўлада была моцная і была зручная для нас і нашых суседзяў. Паўзучая контрарэвалюцыя ў нас ня пройдзе. Памятаеце, як тут па мардасах надавалі каляровым рэвалюцыям".

"Называюць некаторых людзей, у тым ліку і маіх сыноў, што нібыта яны адварочваюць Лукашэнку ад Расеі. Родныя мае, супакойцеся. Я яшчэ здольны прымаць рашэньні ў гэтай краіне. Я яшчэ не адзін год магу гэта рабіць... Прэзыдэнт цалкам у нармальных кандыцыях".

"Мы ідзем туды, дзе нас чакаюць. Як мы ня можам ісьці да Эўропы, калі ў нас палова таваразвароту з Эўразьвязам?"

"Мы ня можам кінуць і Расею, бо гістарычна гэта нашая краіна, Расея. Беларусь павінна стаць мостам, які зьвязвае Ўсход і Захад".

“Ці мае апазыцыя пэрспэктывы ў дзяржаве, калі яна выступае супраць нармальнага жыцьця? Ніякай пэрспэктывы! А калі мы апублікуем той ліст, які яны накіравалі? На адрас… Па-мойму, у Прагу яны даслалі. Блякаваць па Ўсходнім партнэрстве Беларусь. Лукашэнку туды не пускаць і гэтак далей. І якая гэта будзе заўтра апазыцыя? Праўда, ня ўсе. Павінен адзначыць, што такі палітык, як Мілінкевіч, не падпісаў такі ліст. Кажа: “Як жа я буду гэта падпісваць, калі гэта пагібель для краіны? Чым мы тады будзем займацца ў Беларусі? І апазыцыя тады непатрэбная будзе”.

"Крызіс быў народжаны ня намі… Чорнае крыло крызісу закранула і Беларусь… Гэта цана глябалізацыі... Усё актыўней заходнія краіны ажыцьцяўляюць меры рэгуляваньня эканомікі. Бяруць тое, што яшчэ нядаўна апантана абвяргалі ў беларускай мадэлі".

"Спыніце плач. Я казаў ўжо: крызісу ў Беларусі няма".

"Сёньня ўсясьветная эканоміка – гэта казыно".