У менскім Габрэйскім доме адбылася прэзэнтацыя зборнікаў дакумэнтаў і навуковых публікацыяў пра акупацыйны рэжым, гісторыю Галакосту і антыфашысцкі супраціў у Беларусі ў гады Вялікай Айчынай вайны. Прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў, гісторыкі і журналісты абменьваліся думкамі.
Адзін з аўтараў анталёгіі «Ўрокі Галакосту: гісторыя і сучаснасьць» Якаў Басін кажа, што гэтыя кнігі сёньня зьявіліся толькі дзеля таго, каб падняць цікавасьць да праблемы. Ён сьцьвярджае, што ў юрыдычнай і даведкавай літаратуры тэма Галакосту практычна не прадстаўленая.
Тлумачэньне гэтаму адно: немаральна выдзяляць палеглых людзей паводле нацыянальнасьці. Якаў Басін зьвярнуў увагу на тое, што ў Беларусі з двух мільёнаў забітых 800 тысяч складаюць габрэі. Але іх забівалі менавіта за тое, што яны габрэі. Іншых забівалі за сувязь з партызанамі, выкарыстоўвалі іх у якасьці закладнікаў і г.д. Упершыню адной з мэтаў вайны было татальнае зьнішчэньне габрэйскага народу.
Сёньня мы кажам пра антысэмітызм рэлігійны, эканамічны, ідэалягічны. Той антысэмітызм, які прывёў да Галакосту, быў расавы.
У сьвет выйшлі тры кнігі з анталёгіі «Ўрокі Галакосту: гісторыя і сучаснасьць». Дзьве зь іх прысьвечаныя навуковым працам, а трэцяя — ідэнтыфікацыі дзяўчыны, якая загінула 26 кастрычніка 1941 году разам з 11 суайчыньнікамі. Ня ўсе імёны вядомыя, але менавіта пра гэтую дзяўчыну цягам 40 гадоў вяліся дыскусіі і дагэтуль яе імя ня хочуць прызнаваць. Гаворка ідзе пра Машу Брускіну.
Якаў Басін: «Яе імя прызнана, кажуць, указам прэзыдэнта, а гэта ёсьць ягоная асабістая думка, якая не пацьверджаная навуковым шляхам. Паколькі яе імя ўвекавечана на помніку, але ў навуковых колах яшчэ будзе доўжыцца дыскусія.
Вуліца яе імя ёсьць у Нью-Ёрку і Ерусаліме. У Тэль-Авіве ўстаноўлены помнік. Вядома, побач з гераічнымі ўчынкамі людзей гісторыя гэтай дзяўчынкі, якая толькі скончыла школу, была б ня вартая асобнай размовы. Але гэта прынцыповы момант, які тычыцца гістарычнай памяці, палітычных інтрыгаў вакол гэтага. На жаль, за гэтым стаіць праславутае габрэйскае пытаньне. Гісторыкі таго пэрыяду імкнуцца захаваць сваё аблічча.
Побытавы антысэмітызм быў, ёсьць і будзе як адна з праяваў ксэнафобіі».
Адна з аўтараў кнігі «Архіў Хасі Прусьлінай» Зінаіда Нікадзімава расказала «Свабодзе», што яе маці Хася Прусьліна была падпольшчыцай. Яна тады мела мянушку Пелагея Фядзюк. Пасьля вайны працавала ў менскім гаркаме партыі. Пасьля яе сьмерці ў лістападзе 1972 году спадарыня Нікадзімава пачала перабіраць паперы і знайшла архіў:
«Пачала перабіраць паперкі. Засталіся такія нататкі. Гэта ня ўсё. Нешта яшчэ засталося дома... Цяжка нават распавядаць... Людзі на сьпіне сваёй вынесьлі і калектывізацыю, і 37-ы год, і вайну, і пасьля вайны... Ня ведаю, што яе ўратавала. Напэўна, тое, што яна была ўвесь час на вачах. Яна нічога не гаварыла пра архіў. Відаць, партыйная таямніца. Яна ж піша: „Той, хто будзе чытаць, калі мяне ня будзе ў жывых“. Значыць, ведала, што тады публікацыя была немагчымая. Кніжка атрымалася добрая, з фатаздымкамі».