Франак Вячорка: “Я буду дабівацца вызваленьня іншых палітпрызыўнікоў”

14 красавіка з вайсковай часткі ў Мазыры быў звольнены палітпрызыўнік, кандыдат у дэпутаты мясцовага райсавету Франак Вячорка. Па выхадзе з вайсковай часткі ён даў інтэрвію Радыё Свабода.







СЛУХАЦЬ:


Бушлякоў: Наколькі спадзяваная была сёньняшняя дэмабілізацыя з войска? Ці яна сапраўды сёньня мела адбыцца, ці гэта здарылася абсалютна нечакана і для вас асабіста?

Вячорка: Цягам 15 месяцаў службы я дабіваўся мэдычнага абсьледаваньня, і ўрэшце я даказаў, што мой прызыў у войска быў незаконны. У сакавіку я праходзіў мэдычнае абсьледаваньне ў Менску, і яно пацьвердзіла захворваньне сэрца, пра якое я гаварыў яшчэ ў мінулым студзені, і апошні месяц я правёў у мэдчастцы, чакаючы выніковага заключэньня мэдычнай камісіі. І сёньня, у прынцыпе, як і плянавалася, я быў дэмабілізаваны, звольнены ў адстаўку з Узброеных сілаў.

Бушлякоў: Так што сёньня фактычна пацьвердзілася тое, што паводле стану здароўя вы ня можаце працягваць далей службу ў войску?

Вячорка: Пацьверджаньне было значна раней, але толькі сёньня былі падрыхтаваныя ўсе дакумэнты для звальненьня, і мяне адпусьцілі. Праўда, павінны былі адпусьціць яшчэ зранку, але якраз у Мазыр прылятаў Аляксандар Лукашэнка, і яны, відаць, баяліся мяне выпускаць, калі ў горадзе знаходзіцца кіраўнік краіны.

Бушлякоў: Якія вашыя далейшыя пляны? Вы працягваеце ўдзел у кампаніі выбараў у мясцовыя саветы?

Вячорка: Безумоўна. Сёньня я вяртаюся ў Менск, рэгіструюся ў ваенкамаце і адразу вяртаюся ў Мазыр. Заўтра ў мяне заплянаваная сустрэча з выбарнікамі, а таксама з маёй даверанай асобай, прафэсарам Іванам Нікітчанкам. І я маю намер давесьці да канца выбарчую кампанію. Яна ідзе ў мяне вельмі плённа. Я маю вялікую падтрымку з боку мазыранаў. І ў тым выпадку, калі б выбары адбываліся свабодна і празрыста, я не сумняваўся б у сваёй перамозе. Я выйшаў з войска пераможцам. Апроч таго, што я даказаў сваю рацыю, я ў войска сапраўды прынёс нейкія перамены. Я лічу, што пераклад статуту на беларускую мову – гэта вынік маёй працы, вынік скандалаў, зьвязаных з забаронай ужываньня беларускіх камандаў. Таксама я ў войску стаў салдацкім адвакатам, дапамагаў салдатам адстойваць іхнія правы. Рэч у тым, што многія салдаты ў войску – гэта проста абслуговы пэрсанал. Іх банальна выкарыстоўваюць. Я дапамагаў салдатам патрабаваць выкананьня сваіх правоў ад камандаваньня.

Бушлякоў: Вы правялі ў войску 15 месяцаў. Як вы цяпер ацэньваеце, гэтыя 15 месяцаў у войску наклалі сьлед на вас, зьмянілі нешта ў вас?

Вячорка: Безумоўна, я выходжу з войска іншым чалавекам. Але мае прынцыпы не зьмяніліся. Маё стаўленьне да войска ў цэлым таксама не зьмянілася. Я лічу, што яно патрабуе поўнага рэфармаваньня. Беларусі патрэбная прафэсійная армія. І я буду дабівацца вызваленьня іншых палітпрызыўнікоў, якія працягваюць службу. Гэта Андрэй Цянюта, Яўген Скрабец, Алесь Краўчэня. Я лічу, што іх прызыў незаконны, і трэба дабівацца іх вызваленьня.