Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
СОНЕЧНА...
...амаль увесь дзень. Тэмпэратура: +2 — +16 С.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
У 1906 нарадзіўся ірляндзкі пісьменьнік Сэмюэл Бэкет, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі (1969).
У 1943 нямецкія акупацыйныя войскі на Смаленшчыне ў лесе каля вёскі Катынь адкрылі масавыя пахаваньні польскіх афіцэраў, расстраляных перад вайною карнікамі НКВД.
У 1949 савецкія органы арыштавалі ксяндза Адама Станкевіча — аднаго з найбуйнейшых дзеячоў беларускага адраджэньня ХХ ст., асьветніка, змагара за беларусізацыю касьцёла. Арыштаваны на сваёй кватэры ў Вільні, Станкевіч быў засуджаны на 25 гадоў ГУЛАГу. Ксёндз Станкевіч памёр праз паўгоду пасьля высылкі на катаргу.
13 красавіка 1995 году дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі з парушэньнем працэдуры прынялі пастанову аб правядзеньні рэфэрэндуму, ініцыяванага прэзыдэнтам Лукашэнкам. Рэч у тым, што адразу Вярхоўны Савет адмовіўся праводзіць гэты рэфэрэндум, і Лукашэнка прыгразіў, што правядзе яго бяз згоды парлямэнту. Каб запалохаць дэпутатаў, ён увёў у Авальную залю вайскоўцаў, якія гвалтам выкінулі з будынку дэпутатаў ад апазыцыі БНФ. Запалохваньне спрацавала, і на наступны дзень тыя дэпутаты, што засталіся ў Вярхоўным Савеце, пагадзіліся на рэфэрэндум аб беларускай мове і дзяржаўнай сымболіцы.
ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:
У Вашынгтоне, пры нагодзе саміту ядзернай бясьпекі, сустракаюцца прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саркісян і прэм’ер-міністар Турцыі Рэджэп Эрдаган.
Мішэл Абама, першая дама ЗША, наведвае Мэксіку.
ЁСЬЦЬ НАГОДА:
Радаўніца (Радуніца) — дзень памінаньня памерлых ва ўсходніх славянаў, у які са старажытных часоў адбываліся трызны на магілах бацькоў і блізкіх сваякоў. Радаўніца адзначаецца праз тыдзень пасьля Вялікадня, заўжды ў аўторак. Спачатку ідуць памінаць блізкіх у царкву, а потым на могілкі.
МІНУС 365:
Год таму на сайце Свабоды: "Вацлаў Гавэл — ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтру".
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
"Усё, што мы маем, гэта словы" — Сэмюэл Бэкет.