У Горадні ўшанаваныя ахвяры 1940-га і 2010-га

Сёньня ў Горадні ўшанавалі памяць ахвяраў дзьвюх катынскіх трагедый —гібелі прэзыдэнта Польшчы Леха Качынскага і ўсіх тых, хто ляцеў зь ім самалётам у Катынь, а таксама — расстраляных 70 год таму афіцэраў Войска Польскага.
Да Катынскага крыжа на Вайсковых могілках прыйшлі супрацоўнікі генэральнага консультва РП у Горадні, актывісты Саюзу палякаў, іншыя гарадзенцы. Выканаўца абавязкаў генконсула Ян Срока адзначыў, што ў Катыні ў 1940 годзе загінулі 174 чалавекі з Горадні і Гарадзеншчыны. Гэта была эліта Польшчы таго часу, сказаў ён: “Спачатку быў намер ушанаваць толькі іх памяць, але ўчора здарылася трагічнае здарэньне: на борце ўрадавага самалёта, які пацярпеў катастрофу, загінуў прэзыдэнт Польшчы і яго жонка — Лех Качыньскі і Марыя Качыньска, былы прэзыдэнт Польшчы ў выгнаньні Рышард Качароўскі і больш за дзевяноста іншых асобаў, якія былі цяперашняй элітай Польшчы”.

Прысутныя ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчаньня, памаліліся за іхныя душы разам з ксяндзом Аляксандарам Шэметам, запалілі зьнічы і ўсклалі кветкі да Катынскага крыжа.

Пазьней у касьцёле ў мікрараёне Дзевятоўка адбылася імша з нагоды катынскіх ахвяраў.


Выканаўца абавязкаў генконсула Ян Срока (справа)