Вясна абуджае краскі прыроды і спрадвечную прагу людзей аздобіць кветкамі ўсю сваю жыцьцёвую прастору. А сёньняшняя экспэртка «Пяцікніжжа Свабоды» паэтка і літаратуразнаўца Аксана Спрынчан знайшла найлепшыя, на ейную думку, кветнікі на кніжных старонках.
1. Максім Багдановіч. Збор твораў у 3 тамах. Менск, «Мастацкая літаратура», 1992-1995
Максім Багдановіч першым упрыгожыў беларускую літаратуру «Вянком», сплеценым настолькі клясычна, што й кожны постмадэрніст не адмовіўся б ускласьці яго сабе на голаў. Ён жа й першы абраў «цьвяток радзімы» — васілёк. Непрыкметны для творцаў, што не пакідалі сваёй старонкі, для Максіма Багдановіча маленькі васілёк на чужыне павялічваўся да бясконцасьці роднага неба. Сустракаючы менавіта гэтую кветку, паэт вітаўся: «Здароў будзь, зямляча!» Менавіта гэтая нябёсная кветка, канаючы пад нагамі коней, сьпявала: «Старадаўняй Літоўскай Пагоні не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.» І вось ужо мінула амаль 100 гадоў, як стварыў Максім Кніжнік «Апокрыф» пра васілёк і колас. І няхай лічыцца, што апокрыф — твор зь біблейскім сюжэтам, зьмест якога не зусім адпавядае афіцыйнаму веравучэньню і ня ўлучаны царкоўнікамі ў канон, але якраз таму, што ён не адпавядае «афіцыйнаму веравучэньню», беларускія творцы й ўлучылі яго ў свой паэтычны канон.
2. Уладзімір Дубоўка. О Беларусь, мая шыпшына... Менск, «Мастацкая літаратура», 2002
І шыпшына, і палын былі ў Максіма Багдановіча. Але ўсю сымбалічнасьць сымбалічнасьці гэтыя кветкі набылі адно ва Ўладзімера Дубоўкі. «О, Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цьвет! У ветры дзікім не загінеш, чарнобылем не зарасьцеш.» У гэтых радках і вера ў красу й сілу Беларусі, і жахлівае чарнобыльскае прадказаньне, прынесенае ў Беларусь вятрамі.
Цікава супаставіць і вобразы шыпшыны й ружы ў творчасьці паэта. Ружа сымбалізуе саму паэзію Уладзімера Дубоўкі: «Мае песьні — як пялёсткі ружы». Чаму пялёсткі ружы, а не шыпшыны? Шыпшына — гэта спрадвечнасьць, прыроднасьць, эмацыйнасьць (калі лічыць, што эмоцыі папярэднічаюць розуму), ружа — навізна, экспэрымэнт, рацыянальнасьць. Напачатку для Уладзімера Дубоўкі была Беларусь-шыпшына, і Беларусь шыпшына сталася паэзіяй-ружай. А сам Уладзімер Дубоўка застаецца мудрым старым, які перажыў ня меней за Беларусь.
3. Леанід Дранько-Майсюк. Гаспода. Выбранае. Менск, «Мастацкая літаратура», 1998
«Хата мая, дзе павоі цьвітуць», — напісаў Леанід Дранько-Майсюк у сваёй першай кнізе «Вандроўнік». Навандраваўшыся, пашукаўшы цацак і ў Менску, і ў Парыжы, ён зразумеў, што праўду казалі бацькі: «Глядзіце на кветкі — гэта самыя лепшыя цацкі ў свеце!..» Для давыдгарадчан кветкі былі і красой, і цацкай, і магчымасьцю зарабіць продажам насеньня. Паказальна, што менавіта продажам насеньня, а ня зрэзанымі кветкамі. Таму й выкрышталізавалася ў творцы нябёснае ўспрыманьне кветак і жанчыны: «Я ведаю цябе ад хрызантэм...», «Мы дыхалі забытаю лавандай», «І з каленяў тваіх выпіваю фіялетавыя васількі».
І ўрэшце кветка, якая сталася зорнай, astraльнай для паэта — «У Вашым голасе квітнеюць астры». Цераз кветкі да зорак — шлях паэтычны і эратычны. Улюбёны занятак паэта — глядзець на кветкі, улюбёны занятак яго чытача — глядзець у вершы з кветкамі.
4. Валянціна Аксак. Ружоўніца. Логвінаў, 2008
Назва кнігі Валянціны Аксак «Ружоўніца» заварожвае-заружоўвае. Паэтка выгадавала ня толькі новую кнігу, але й новае слова. Ружоўніца — жанчына, якая перабірае ружанец, ратуе сваю душу, калі не ратуе ружы ад «нашэсьця мятлышак». Гераіня паэткі атаясамлівае сябе з ружаю. Ня толькі пялёсткі, але й калючкі ў яе з тонкіх далікатных пачуцьцяў. Бо й калючкі імкнуцца ўзяць увесь боль на сябе.
У кожнага з нас, паводле Валянціны Аксак, рана ці позна зьяўляецца новы кветнік, калі сыходзяць у нябёсы й зямлю нашыя блізкія. Калісьці ён зьявіцца і над кожным з нас, калі нашчадкі не замуруюць невялікі кавалак зямлі мармурам. А пакуль мы жывыя, дык можам на Каляды паставіць замест елкі ружу, як гэта робіць паэтка. І пакласьці пад елку-ружу ейную кнігу. Жанчыну, якая чытае кнігу, а пасьля дорыць яе, я назвала б «кнігоўніца».
5. Юрка Гаўрук. Кветкі з чужых палёў. Пераклады. «Маладняк», 1928
Беларусы на сваёй глебе ўзрасьцілі не адну кветку для іншых літаратур. І Сімяон Полацкі, і Адам Міцкевіч, і Сяргей Пясецкі стваралі творы на іншых мовах. А што ж «кветкі з чужых палёў»? Яны зьявіліся ў 1928 годзе, дзякуючы паэту і перакладніку Юрку Гаўруку. Гэтыя кветкі — пераклады твораў ангельскай, амэрыканскай, нямецкай, французскай, італьянскай і польскай паэзіі. Назва кнігі сталася фразэалягізмам і ўжываецца цяпер са значэньнем «запазычаныя з іншых прац матывы, вобразы, думкі». Мяркую, што Юрка Гаўрук упершыню на беларускай мове даў напрыканцы кнігі азначэньне эльфам: «фантастычныя істоты; паводле старасьвецкіх павер’яў жывуць у кветках, вельмі маленькія і з крыльцамі». «Кветкі з чужых палёў» далі шмат насеньня, і ўсё болей фантастычных істот-перакладаў цешаць беларускага чытача.