Начныя правіцелі Бішкеку

У Кіргізстане ў пятніцу і суботу абвешчана жалоба па тых, хто загінуў у выніку сутыкненьняў на вуліцах. Пра гэта паведаміла Роза Атунбаева, старшыня часовага ўраду.
Паводле апошніх дадзеных, падчас беспарадкаў у краіне загінулі 75 чалавек. Амаль паўтары тысячы людзей пацярпелі. Улада ў Кіргізіі ў руках апазыцыі, а прэзыдэнт Курманбек Бакіеў знаходзіцца на поўдні Кіргізіі. Як перадаюць інфармацыйныя агенцтвы, ён не складае зь сябе паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы і не прызнае сваёй паразы.

Учорашнім вечарам у сталіцы Кіргізіі была неспакойна, чулася стральба. А як прайшла ноч? Распавядае карэспандэнт Радыё Свабода ў Бішкеку Надзея Талкунова:

“Гэтай ноччу марадэрства працягнулася і прыняло зусім неймаверныя маштабы. Пасьля супэрмаркетаў сталі рабаваць элітныя асабнякі каля прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі. Я бачыла, як людзі праз платы скакалі ў асабнякі, разьбівалі вокны, залазілі ў дамы і выносілі літаральна ўсё, у тым ліку мэблю, адзеньне, посуд. На працягу гэтай ночы было некалькі спробаў захапіць УУС Бішкеку, каб завалодаць зброяй, якая там захоўваецца. Толькі ўвядзеньне спэцназу і ўнутраных войскаў дапамагло адбіць гэтыя атакі. Усю ноч гучала стральба, былі нават аўтаматныя чэргі. Толькі пад другую гадзіну ночы МУС заявіла, што абстаноўка цалкам узятая пад кантроль. Стрэлы ў паветра і ўжываньне спэцсродкаў дапамаглі расьсеяць марадэраў. Гэтай жа ноччу пратэстоўцы спрабавалі ўзяць у аблогу будынак тэлефоннай станцыі і дакляравалі захапіць тэлецэнтар. Некаторыя зь іх патрабуюць, каб новая ўлада ўключыла іх у склад ураду як моладзевае крыло, і вылучаюць свае патрабаваньні і ўмовы.

Урад абвясьціў, што сем'ям тых, хто загінуў у беспарадках, будзе выплачана значная грашовая дапамога. Ахвяры будуць пахаваныя ў Чунташы (прыгарад Бішкеку), дзе пахаваны ахвяры сталінскіх палітычных рэпрэсій. Новы ўрад таксама абвясьціў, што парлямэнт распушчаны. Новы кабінэт міністраў складаецца выключна з апазыцыянэраў — іх 13 чалавек. Яны заявілі, што іх падтрымлівае Пуцін. У Маскву зьбіраецца вылецець экс-кандыдат у прэзыдэнты, былы прэм'ер Алмаз Атамбаеў. Ён заявіў, што пастараецца дамовіцца з Масквой пра наданьне Кіргізіі эканамічнай дапамогі. СААЗ і амэрыканская авіябаза бязвыплатна выдзяляюць для пацярпелых кропельніцы, бінты і лекі”.

“А ці ёсць якія-небудзь навіны ад прэзыдэнта Бакіева? Ён знаходзіцца ў Кіргізіі?”


“Так, Бакіеў у адной з паўднёвых абласьцей. Відавочцы кажуць, што ён у Джалал-Абадзе. 10 красавіка тут адбудзецца мітынг яго прыхільнікаў. Яны хочуць аднавіць яго на пасадзе, а ён абяцае пакараць апазыцыю ў крымінальным парадку”.

Пра тое, што адбываецца на вуліцах Бішкеку зараз, распавядае спэцкарэспандэнт Радыё Свабода Вадзім Дубноў:

“Учорашнія паўстанцы — людзі, якія пазаўчора штурмавалі дзяржаўныя аб'екты, зьбіраюцца ў цэнтры ля Дома ўраду. Яны ахвотна размаўляюць з журналістамі і вельмі цікава сябе паводзяць. У размовах з журналістамі даволі актыўна лаюць уладу, у тым ліку і новую. Да ўчорашняй апазыцыі яны ставяцца больш чым крытычна. Вінавацяць іх у тых жа грахах, у якіх вінавацілі Бакіева. І яшчэ за тое, што цалкам ня ўлічваюць інтарэсы тых, хто дапамог ім прыйсьці да ўлады. Але ледзьве пабачаць мікрафон, рэзка мяняюць танальнасьць — на больш аптымістычную. Ёсьць нейкая ахоўная рэакцыя ў гэтых людзей...”

У самім жа горадзе вельмі ціха і спакойна, на вуліцах вельмі мала людзей. Зьявілася міліцыя, ДАІ, ад якой за ўчорашні дзень ужо пасьпелі адвыкнуць. Сёньня а гадзіне дня нябожчыкаў пахаваюць на самых ганаровых могілках, дзе пахаваны Чынгіз Айтматаў, недалёка ад рэзыдэнцыі прэзыдэнта.