“Хацела пахваліць прэзыдэнта, а мяне — у “псіхушку”

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 7 красавіка 2010 году

Значная частка пошты “Свабоды” — на тэму ўзаемадачыненьняў грамадзяніна і ўлады. Чаму чалавек са сваімі штодзённымі клопатамі, зацікаўленьнямі, заўвагамі і прапановамі вельмі часта ня можа знайсьці агульнай мовы з чыноўнікамі, да якіх зьвяртаецца?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з допісаў на гэтую тэму.

Наш даўні актыўны слухач, дзіцячы доктар зь Віцебску Ігар Пасноў працягвае змаганьне за тое, каб бюджэтныя грошы выдаткоўваліся найперш на занядбаныя шпіталі і паліклінікі, а не на аздабленьне цэнтральных гарадзкіх вуліц. Дзеля гэтага спадар Ігар мэтанакіравана і пасьлядоўна зьвяртаецца ў розныя чыноўніцкія інстанцыі, у тым ліку і да прэзыдэнта Лукашэнкі. У сваім новым лісьце на “Свабоду” слухач так піша пра гэта:

“Вось і вясна настала. Сышоў сьнег. Калі прайсьці па цэнтры Віцебску, ад плошчы Свабоды, дык адразу заўважыш: увесь асфальт пайшоў трэшчынамі. Відовішча — як пасьля землятрусу... Новая плітка, якую паклалі толькі летась, стала дыбам. А ўсё таму, што рабілася сьпехам, да фэстывалю, абы-як. І асфальт клалі пад дажджом.

Паказуха ўлады абышлася гораду ў капеечку. А тым часам бальніцы, паліклінікі, старыя школы ляжаць у руінах, ня ведаючы рамонту з 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Частку плошчы Перамогі, зону адпачынку пераабсталявалі пад плац — ладзяць там дыскатэкі, розны глум. А на гэтым жа месцы быў пагост, могілкі...

Сёньня я напісаў 14 запытаў прэзыдэнту і ў пракуратуру, бо ранейшыя мае лісты чыноўнікі з Адміністрацыі пераслалі майму начальству, у аблздраў. Тыя напісалі, як ім добра пры новым кіраўніку вобласьці. Мільярды ўкладзены ў выпрацоўку праектаў устаноў аховы здароўя. Але ці дойдзе да іхнай рэалізацыі?..

Спрабавалі мяне палохаць 6-м аддзелам. Але я, усьміхаючыся, адказаў: КДБ павінен заняцца ня мной, а старшынёй аблвыканкаму Косінцам, ягонымі ініцыятывамі — закапанымі ў зямлю мільярдамі бюджэтных рублёў”
.

Заўважу, спадар Ігар, што на працягу апошняга году большасьць дарагіх аздабленчых праектаў у буйных беларускіх гарадах была згорнута. Спакваля зьніклі рыштаваньні з фасадаў будынкаў на цэнтральных вуліцах, мала дзе мяняюць тратуарную плітку... Увогуле, рамонтна-будаўнічы бум, якім былі ахоплены ў сярэдзіне дзесяцігодзьдзя амаль усе гарады Беларусі, яўна скончыўся. Праўда, скончыўся зусім не таму, што мясцовыя бюджэты пераарыентавалі на нешта больш патрэбнае людзям — тыя ж шпіталі ці дзіцячыя садкі. Проста скончыліся шалёныя прыбыткі ад рээкспарту расейсіх нафтапрадуктаў, ад звышвысокіх коштаў на калійныя ўгнаеньні і ад паставак харчаваньня і тэхнікі ў Расею, рынак якой падчас крызісу значна звузіўся.

Своеасаблівы погляд на палітычную сыстэму, якая існуе цяпер у Беларусі, у нашай даўняй слухачкі Ніны Кірычун зь Берасьця. Шчыра верачы ў добрага цара і нягоднікаў-баяраў, якія сабатуюць усе добрыя пачынаньні мудрага правіцеля, спадарыня Ніна цьвёрда вырашыла самастойна дамагчыся аўдыенцыі ў першай асобы і расказаць усю праўду-матку. Што з гэтага атрымалася — слухачка паведамляе ў сваім лісьце на “Свабоду”. Яна піша:

“Палітычны рэжым у нашай краіне прагніў зьнізу даверху. За выключэньнем кіраўніка дзяржавы, які ажыцьцяўляе дасканалы курс разьвіцьця краіны, робіць усё для росквіту Беларусі. Мне вельмі хацелася б асабіста выкласьці прэзыдэнту свой пункт гледжаньня на разьвіцьцё дзяржавы. Лічу, што як грамадзянка я маю на гэта права. Але зрабіць гэта за ўвесь 16-гадовы тэрмін прэзыдэнцтва Аляксандра Рыгоравіча мне не ўдалося ні разу.

Вось і сёньня, 23 сакавіка, я прыехала і зьвярнулася ў Адміністрацыю прэзыдэнта з такой просьбай — каб выказаць свой пункт гледжаньня на палітычны курс. Але пасьля непрацяглага дыялёгу службовая асоба, якая не назвала сябе (напэўна, гэта быў супрацоўнік асабістай аховы прэзыдэнта) выклікаў падразьдзяленьне АМОНу, і мяне завялі ў бліжэйшы пастарунак, а потым — у псыхіятрычную ўстанову за Менскам. З усяго адабранага ў мяне першы асобнік заявы на імя прэзыдэнта і адказ з адміністрацыі так і не вярнулі.

Хацелася б ведаць, у які суд можна зьвярнуцца, каб абараніць свае гонар і годнасьць і кампэнсаваць нанесеныя мне маральныя ды матэрыяльныя страты”
.

Адміністрацыя прэзыдэнта, куды вы, спадарыня Ніна, хадзілі на прыём і дзе, як вы лічыце, вас пакрыўдзілі, знаходзіцца ў Ленінскім раёне Менску. Відавочна, у Ленінскі раённы суд вы можаце зьвярнуцца ў справе гэтай канфліктнай сытуацыі. Адрас суду — вуліца Сямашкі, 33. Толькі папярэдне добра ўзважце, ці ёсьць сэнс траціць на гэта час, грошы і ўласныя сілы. Шанцы на тое, што ваш пазоў прымуць да разгляду і што супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта прыцягнуць да адказнасьці — мізэрныя.

Гэта ж можна сказаць і пра вашы шанцы на аўдыенцыю ў кіраўніка дзяржавы. Увогуле, зь сярэдзіны 90-х гадоў няма зьвестак, каб прэзыдэнт вёў прыём грамадзянаў па асабістых пытаньнях. Хоць натоўпы скаржнікаў усе гэтыя гады ўпарта абіваюць парогі прэзыдэнцкай адміністрацыі, спадзеючыся на сустрэчу са справядлівым прэзыдэнтам, які б паставіў на месца сваіх наравістых, непадкантрольных грамадзтву прызначэнцаў.

Пра гістарычныя выпрабаваньні, якія выпалі на долю беларускай нацыі, пра лёс нацыянальных гістарычных сымбаляў, за выкарыстаньне якіх у сёньняшняй Беларусі ўлады жорстка караюць, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Лявон Брагінскі зь Менску. Слухач піша:

“У нас працавала адна інтэлігентная жанчына сталага ўзросту, якая добра ведала даваенны Менск. На працу ёй даводзілася хадзіць ля будынку МУС, што на скрыжаваньні цяперашняга праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Ўрыцкага. Там у падвальных памяшканьнях — камэры для вязьняў. Гэта зараз акенцы там замураваныя, а ў 30-я гады былі проста закратаваныя. Дык яна ўспамінала: ідзеш увечары ў халоднае надвор’е — а адтуль пара валіць. Значыць, камэры поўныя. А раніцай пары ўжо няма. Пытаньне: куды за ноч падзеліся тыя няшчасныя? А ўздоўж будынка хадзіў чырвонаармеец у будзёнаўцы і гучна папярэджваў: “Не задерживаться!” Так было аж да пачатку вайны.

Сваяк (зараз ужо вельмі стары) пасьля чаркі расказваў. Калі пачалася вайна, яму было гадоў пятнаццаць. Вайскоўцы загадалі на фурманцы адвезьці ў райцэнтар праваслаўнага сьвятара. Сьвятар узяў з сабой толькі Біблію. Усю дарогу чытаў яе і нават не спрабаваў уцячы. Калі прыехалі да будынка НКВД, выйшлі двое ў форме, завялі сьвятара ў двор і застрэлілі там. Гэта было ў Лоеве, дзе нядаўна пабываў наш прэзыдэнт, — піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Лявон Брагінскі зь Менску. — У маёй бабулі было шмат братоў, сёстраў, іншых сваякоў. Большая частка іх адведала так званага камуністычнага “раю” ў Варкуце, Котласе, Іркуцку, Пермі, Улан-Удэ. Цікавая геаграфія. Я бачыў тых, каму ўдалося выжыць. Ссохлыя зморшчаныя твары, рукі ў мазалях...

Дык пад якім сьцягам павінны былі ісьці чыстыя беларускія душы, каб бараніцца ад усяго гэтага? Няўжо пад тым чырвоным, пад якім усё гэта рабілася?

Часта ўспамінаюць, што бел-чырвона-белы сьцяг выкарыстоўвалі калябаранты падчас Другой сусьветнай вайны. А чаму не ўспамінаюць расейскі трыкалёр, пад якім уласаўцы добра папалілі беларускія вёскі? А што, чырвоны тэрор лютаваў не пад чырвоным сьцягам?

І наконт перамогі. Вядома, было шмат гераізму, шмат ахвяраў. Але ўявіце: ваш сусед дапамог вам, а потым вырашыў застацца ў вас назаўсёды. Ды ня проста як госьць, а як гаспадар. І як гэта можна назваць?”
.

Калі на пачатку 90-х гадоў постсавецкія краіны, якія толькі што здабылі альбо аднавілі незалежнасьць, вырашалі пытаньне пра дзяржаўную сымболіку, ніводная зь іх пры выбары нацыянальнага сьцяга не пажадала ўзяць за аснову чырвонае камуністычнае палотнішча. Гэта тычылася нават сярэднеазіяцкіх рэспублік, якія да савецкага пэрыяду ня мелі сваіх дзяржаўных сьцягоў.

Тое, што адбылося з нацыянальнымі сымбалямі ў Беларусі ў ’95 годзе — выпадак выключны. Зрабіць гэта ў той час у дэзарыентаваным, зьбяднелым, агаломшаным грамадзтве, апанаваным настальгіяй па няхай не заможным, але стабільным і параўнальна сытым савецкім мінулым, новай уладзе было зусім не складана.

Але пакаленьні зьмяняюцца. Сёньня найбольш дзейсная, маладая, энэргічная частка грамадзтва — тыя людзі, якія ўвогуле ня памятаюць савецкай рэчаіснасьці і ня маюць ніякага сантымэнту да таго пэрыяду. І рана ці позна гэтыя новыя пакаленьні зададуць сабе зусім простае і лягічнае пытаньне: чаму і ў 1918-м, і ў 1991-м гадах продкі, абвяшчаючы стварэньне незалежнай Беларусі, выбіралі ў якасьці сымбаляў Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг, а мы жывем пад сымбалямі савецкай эпохі, калі ніякай незалежнасьці беларусы ня мелі?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by