Вэтэранаў абурылі ўспаміны Ільлі Копыла пра вайну

Сёньня перад абедам каля рэдакцыі газэты “Народная воля” праходзіў санкцыянаваны менскімі ўладамі пікет. Некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх былі і людзі сталага веку, і маладыя, трымалі ў руках плякаты, у якіх абвінавачвалі газэту ў фальсыфікацыі гісторыі. Акцыю здымалі дзяржаўныя тэлеканалы.

Намесьнік рэдактара “Народнай волі” Марыя Эйсмант распавядае, што некалькі ўдзельнікаў пікету зайшлі ў рэдакцыю і паводзілі сябе вельмі агрэсіўна. Высьветлілася, што прычынай пікету стала публікацыя ў газэце мэмуараў Ільлі Копыла “Нябышына. Вайна”.
Калі б Сярэдзіч ведаў, ён бы абавязкова быў бы ў рэдакцыі ...

“Яны патрабавалі Сярэдзіча, крычалі, што ён баязун, што ня можа выйсьці да вэтэранаў. Але справа ў тым, што сёньня аўторак, учора мы здалі чарговы нумар і сёньня кожны працуе па асабістым пляне. Калі б Сярэдзіч ведаў, ён бы абавязкова быў бы ў рэдакцыі, сустрэўся б зь імі, паразмаўляў, прыняў бы ад іх лісты. І я не выключаю, што потым мы надрукуем гэтыя лісты. Потым мы даведаліся, што акцыя была санкцыянавана Менгарвыканкамам. Але нас ніхто напярэдадні не папярэджваў, што да нас прыйдуць вось такія госьці. Але мы ўсім рады, усіх прымаем, усіх выслухоўваем, друкуем іх меркаваньні, калі яны адпавядаюць нашаму заканадаўству”.

Па словах шэф-рэдактара “Народнай волі” Сьвятланы Калінкінай, пікетоўцы прыйшлі, шчыра верыўшы, што такой кнігі “Нябышына. Вайна” няма. Спадарыня Калінкіна ім патлумачыла, што кніга была выдадзеная адным з прыватных выдавецтваў у мінулым годзе, яна сапраўды існуе.
мы прымаем любыя матэрыялы ...

“Мы зыходзім з таго, што няма правільных і няправільных успамінаў пра тыя падзеі. Усе ўспаміны правільныя. Гэта ў савецкія часы ідэолягамі была намалявана такая адзіная карціна вайны, якая была прынята за эталён, і адыход ад гэтага эталёну зьяўляўся нейкім злачынствам. Але тых часоў ужо няма. Мы зараз павінны аб’ектыўна падыходзіць да гісторыі, і таму мы прадастаўляем слова ўсім, каму ёсьць што расказаць пра тыя падзеі. Калі тэксты тыя не складаюцца выключна з заклікаў, а ёсьць канкрэтная фактура, ёсьць аповед, то мы прымаем любыя матэрыялы”.

Спадарыня Калінкіна ня лічыць гэтую акцыю выпадковай, і зьвяртае ўвагу, што рэдакцыя “Народнай волі” займае паўпадвальнае памяшканьне побач з адміністрацыяй прэзыдэнта.

“На самой справе па заканадаўству ў непасрэднай блізкасьці ад адміністрацыі прэзыдэнта пікеты не дазваляюцца. А тут Менгарвыканкам зрабіў выключэньне. Мне здаецца, што гэта сам па сабе такі незвычайны выпадак”.

Фота "Народная воля"

Ветэраны пакінулі ў рэдакцыі свае плякаты

Пікет ветэранаў здымалі тры дзяржаўныя тэлеканалы