Прычыны і магчымыя наступствы пікету вэтэранаў супраць "Народнай волі" камэнтуе шэф-рэдактар газэты Сьвятлана Калінкіна.
Гэта адна з падзеяў вялікай кампаніі націску на незалежныя СМІ. Проста на дадзеным этапе ўлада спрабуе гэта зрабіць не сваімі, а чужымі рукамі. Цяпер яны выкарыстала вэтэранаў, якія заўсёды гатовыя ісьці і абараняць уладу.
Яны нават патрабавалі, каб мы зьнялі кнігу Ільлі Копыла з продажу. Я ім патлумачыла, што мы гэтую кнігу не выдавалі, і што яны прыйшлі не па адрасе. Шчыра кажучы, было ўражаньне, што некаторым зь іх нават не патлумачылі, чаму яны павінны ісьці пікетаваць "Народную волю". Відавочна, што многія зь іх нават не чыталі гэтую публікацыю.
Я не выключаю, што справа можа дайсьці і да закрыцьця незалежных СМІ і сайтаў. І гэта будзе рабіцца нібыта паводле патрабаваньня грамадзкасьці. Зараз ідзе падрыхтоўчы этап, каб перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў любы момант можна было зачыніць любую незалежную газэту, любы альтэрнатыўны сайт.