Кандыдат у дэпутаты Мазырскага райсавету, палітпрызыўнік Франак Вячорка сёньня павінен атрымаць з паліграфічнага прадпрыемства “Калёр” свае перадвыбарчыя ўлёткі.
Салдат-кандыдат замовіў улёткі на прадпрыемстве 2 красавіка падчас кароткатэрміновага звальненьня ў горад у суправаджэньні намесьніка камандзіра па выхаваўчай працы маёра Ігнаціка.
Дзеля агітацыйнай кампаніі Франак сам распрацаваў узор сваіх перадвыбарчых улётак.
“Спачатку ў мяне не хацелі браць іх, — паведаміў Франак. — Казалі, што ва ўсіх кандыдатаў павінна быць аднатыпная друкаваная прадукцыя. Потым адгаворваліся, што падняліся тарыфы на прадукцыю. Не пагаджаліся друкаваць на каляровай паперы, але я ўсё-ткі дамогся таго, чаго хацеў. Заключыў дамову — і ў панядзелак атрымаю ўлёткі”.
У сваёй перадвыбарчай праграме Франак Вячорка заяўляе, што будзе дамагацца вяртаньня Мазыру статусу радыяцыйна забруджанай зоны.
“Хто паверыць, — піша кандыдат у дэпутаты, — што 24 гады Мазыр быў у зоне радыяцыйнага кантролю, а сёньня стаў стэрыльна чыстым?
“Эканомяць” на нашым здароўі, на здароўі дзяцей. Дзяцей пазбавілі бясплатных абедаў у садках і школах, ваенных — дадатковых дзён да водпуску, пэнсіянэраў — апошніх ільготаў. Горад аб’явілі чыстым, але радыяцыя нікуды ня зьнікла. Усё больш мазыран паміраюць ад раку.
Я буду патрабаваць вярнуць Мазыру статус забруджанай зоны. Мяне падтрымліваюць навукоўцы і экспэрты ў пытаньнях радыяцыі”.