Працягваецца разгляд справы Яна Міхайлава

Ян Міхайлаў

Суд Менскага раёну працягвае разглядаць справу верніка габрэйска-мэсіянскай суполкі, які з рэлігійных меркаваньняў адмаўляецца служыць у войску.

На мінулым паседжаньні абвінаваўца заявіла хадайніцтва, каб суд меў даведку пра габрэйска-мэсіянскую суполку "Новы Запавет", якую наведвае Ян Міхайлаў. Апроч таго, яна папрасіла дапытаць у якасьці сьведкі пастара суполкі. Судзьдзя задаволіў хадайніцтва.

На мінулым паседжаньні Яну Міхайлаву давялося зноў тлумачыць, што ён ня хоча служыць у войску паводле сваіх рэлігійных перакананьняў. Хлопец казаў, што як старшы сын матэрыяльна дапамагаў сваім бацькам у шматдзетнай сям’і. Менавіта гэтую прычыну ўказвалі бацькі і ён сам, калі прасіў ваенкамат даць яму магчымасьць служыць у рэзэрве.

Летась 15 сьнежня Яна Міхайлава затрымалі і пакаралі арыштам на 3 месяцы за нібыта ўхіленьне ад вайсковай службы. Хлопец амаль адбыў да канца трохмесячны арышт, як прысуд прызналі незаконным і прызначылі новы суд. 10 сакавіка ён выйшаў на волю.

Ад 10 сакавіка Ян Міхайлаў знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд.