Вялікдзень прымушае нас задумацца аб Хрысьце і Бацькаўшчыне

Велікодны зварот да вернікаў кіруючага герарха Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, япіскапа Наваградзкага і Паўночнаамэрыканскага Сьвятаслава Логіна.
Дастойнаму сьвятарству й вернікам
Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

“...Дык ідзеце, навучайце ўсе народы...” (Мц.28:19)

Віншую вас, браты й сёстры, зь Вялікім Сьвятам нам сьвятамі, трыюмфам неба і адноўленай зямлі – Уваскрашэньнем Хрыстовым!

Гэтае галоўнае хрысьціянскае сьвята сымбалізуе сабою перамогу дабра над злом, жыцьця над сьмерцю, прыпамінае нам пра абавязак жыць паводле законаў дабра і хрысьціянскае маралі, паводле Божых запаветаў, дае надзею на перамогу справядлівасьці й умацоўвае нас у веры ў жыцьцё вечнае.

Адначасовае сьвяткаваньне Вялікадня ў гэтым годзе ўсімі хрысьціянамі сьвету прымушае й усіх беларусаў-хрысьціянаў розных канфэсіяў і юрысдыкцыяў, якія жывуць як на Бацькаўшчыне, так і на чужыне, задумацца аб супольнасьці хрысьціянскіх каштоўнасьцяў і духоўна-нацыянальнае спадчыны, адзінстве й лучнасьці Беларускае нацыі.

Жадаю ўсім суайчыньнікам у гэтыя сьвяточныя дні адчуць паўнату хрысьціянскае веры, напоўніць свае сэрцы любоўю, супольна паднесьці велікодную малітву за сваю сям’ю і блізкіх, свой край, за ўвесь Беларускі народ, а нацыянальным змагарам – яшчэ й дадаць веры ва ўласныя сілы ў барацьбе за хрысьціянскую і дэмакратычную Беларусь!

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос !

З малітваю

+ Сьвятаслаў

Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі БАПЦ
Вялікдзень, 2010 л.Б.