У Беларусі моляцца за бэатыфікацыю Яна Паўла ІІ

Напярэдадні сьвята Ўваскрашэньня Хрыстовага, у Вялікую пятніцу, у менскім архікатэдральным касьцёле найсьвяцейшай Панны Марыі адбудзецца Крыжовы шлях, прысьвечаны памяці папы рымскага Яна Паўла ІІ. Пяць год таму, 2 красавіка 2005 году, пантыфік адышоў у вечнасьць. Напярэдадні ў касьцёлах Беларусі маліліся за хутчэйшую бэатыфікацыю Яна Паўла ІІ.

Перадвелікодная Вялікая пятніца — адзіны дзень за ўвесь год, калі ў касьцёлах не адпраўляецца імша на знак жалобы аб пакутах Езуса Хрыста. Таму ўшанаваньне памяці Яна Паўла ІІ адбывалася напярэдадні, паведаміў кіраўнік прэсавай службы, ксёндз Аляксандар Амяльчэня:

“У многіх касьцёлах і парафіях людзі маліліся аб хутчэйшай бэатыфікацыі Яна Паўла ІІ. Галоўную імшу ў гэтай інтэнцыі ў менскай архікатэдры адправіў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч”.

Помнік Яну Паўлу Другому ў Берасьці.
Фота Ўладзімера Скрабатуна.
Помнік Яну Паўлу Другому ў Ракаве.


Як паведаміў Аляксандар Амяльчэня, сёньня ў Беларусі ўсталявана каля 10 помнікаў і бюстаў Яну Паўлу ІІ. Сярод першых такі помнік у слынным Мосары адкрыў незадоўга да сваёй сьмерці ксёндз Ёзаф Булька. Яшчэ багацей прадстаўлена тэалягічная і літаратурная спадчына пантыфіка: народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову паэму “Рымскі трыптых” Яна Паўла ІІ. Яшчэ адзін пераклад зрабіла паэтка Данута Бічэль-Загнетава:

“Ён шмат зрабіў для сьвету, для нашага рэгіёну: прагнаў д'яблаў-камуністаў з Польшчы, а разам і мы атрымалі надзею, што зь імі можна змагацца. А для мяне Ян Павал проста сьвяты. Гэта вялікае шчасьце, што мы жылі ў той час, калі ён жыў на нашай зямлі.

У каталіцкім выдавецтве “Про Хрысто” выйшла 15 кніг Яна Паўла ІІ. Сем зь іх, у тым ліку “Пераступіць парог надзеі”, “Дар і таямніца”, “Устаньце, хадзем”, пераклала рэдактарка часопіса “Авэ Марыя” Хрысьціна Лялько. Менавіта з малітоўнай падтрымкі Яна Паўла ІІ гэты часопіс пятнаццаць год выдаецца ў Беларусі, перакананая спадарыня Лялько:

“Быў 1994 год, падчас сустрэчы зь Янам Паўлам ІІ я сказала пра задуму такога марыйнага часопіса, і ён вельмі абрадаваўся. А праз год я ўжо прывезла першыя нумары часопіса. Часопісы былі на шэрай паперы, але як ён узрадаваўся, калі паклаў сваю далонь на гэтыя некалькі нумароў і сказаў: як жа гэта добра, што вы ўжо маеце каталіцкі друк на беларускай мове!”

Помнік Яну Паўлу Другому ў Мосары.
Фота Ўладзімера Скрабатуна.
Помнік Яну Паўлу Другому ў Лужках
Фота Ўладзімера Скрабатуна.

Помнік у Лужках на тле касьцёлу сьвятога Міхаіла Арханёла.
Фота Ўладзімера Скрабатуна
За 26 гадоў пантыфікату Яна Паўла ІІ Ватыкан усталяваў дыпляматычныя сувязі з больш чым сотняй дзяржаў сьвету, у тым ліку зь Беларусьсю. Таксама пантыфік наведаў больш за 130 краін сьвету і вельмі хацеў пабываць у Беларусі, аднак яму не дазволілі гэтага зрабіць. Тым ня менш уплыў асобы Яна Паўла ІІ на разьвіцьцё касьцёлу ў Беларусі і сьвядомасьці вернікаў застаецца непераўзыдзеным, кажа ксёндз Аляксандар Амяльчэня:

“Для Яна Паўла ІІ Беларусь была краінай, якую ён вельмі добра ведаў і любіў перадусім празь людзей. Беларусь для яго была вельмі блізкай, і неаднойчы ён падкрэсьліваў, што хацеў бы апынуцца над Сьвіцязьзю — такі сымбаль сваёй прысутнасьці ў Беларусі ён падкрэсьліваў. Абсалютна зразумела, што Ян Павал меў вялікі ўплыў на разьвіцьцё каталіцкага касьцёлу ў Беларусі. Цікавы фэномэн гэтай асобы яшчэ ў тым, што прайшло пяць год, а ён становіцца для нас бліжэйшым і мы ўсё больш разумеем яго. Упэўнены, што Беларусь не забудзецца пра гэтага вялікага чалавека і вялікага папу”.