Сёньня ва ўправе міліцыі Першамайскага раёну адбыліся допыты журналістак Ірыны Халіп, Сьвятланы Калінкінай і Натальлі Радзінай. Іх выклікалі да сьледчага ў якасьці сьведак.
Шэф-рэдактарка газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна паведаміла “Свабодзе”, што сьледчы вярнуў ёй сканфіскаваны ў яе тэлефонны нататнік. Забраныя ў яе электронныя носьбіты інфармацыі (кампутар, флэшка, дыктафон) застаюцца ў міліцыі, бо, як ёй сёньня сказалі, яны яшчэ не прайшлі экспэртызы. Сьвятлана Калінкіна выказала сьледчаму сваё неразуменьне, чаму ёй не вяртаюць дыктафон, у якім захоўваюцца толькі тры інтэрвію, якія ня тычацца гэтак званай “паляўнічай справы”.
Раней сёньня на допыце пабывала і журналістка расейскай “Новой газеты” Ірына Халіп. Рэдактарка сайту “Хартыя-97” Натальля Радзіна працягвае даваць паказаньні.
Тыдзень таму на кватэрах Калінкінай і Халіп, а таксама ў офісе “Хартыі-97” прайшлі ператрусы. Супрацоўнікі сілавых структураў сканфіскавалі носьбіты інфармацыі. Ператрусы адбываліся ў межах “паляўнічай справы”.
Падрабязнасьці сёньняшніх допытаў чытайце на нашым сайце пазьней.