Выбарчая камісія забараніла трансьляваць ужо запісаны на мясцовым радыё выступ. А таксама вынесла папярэджаньне незалежнаму кандыдату ў дэпутаты райсавету.
Георгія Станкевіча зранку выклікалі на пасяджэньне камісіі, не патлумачыўшы прычын. І ўжо ў ягонай прысутнасьці паставілі пытаньне на галасаваньне — ці пускаць радыёвыступ кандыдата, ці не. Большасьцю галасоў камісія пастанавіла, што выбарцам такое слухаць ня варта.
У радыёвыступе настаўнік вясковай школы Георгі Станкевіч распавядаў пра рэаліі ўласнага жыцьця — да прыкладу, пра свой настаўніцкі заробак, які настолькі малы, што даводзіцца трымаць гаспадарку, каб неяк выжыць.
Што да жаданьня вылучыцца ў райсавет, то спадар Станкевіч свае меркаваньні выклаў так:
“Маю шмат прапаноў, як перайначыць жыцьцё бешанкоўцаў на лепшы лад. Але ўсе тыя прапановы не знаходзяць рэалізацыі. І тое адбываецца ня толькі таму, што для гэтага не хапае грошай у раённым бюджэце. Іх чамусьці хапае на новыя аўтамабілі для чыноўнікаў, на рамонт іхніх апартамэнтаў, на іх шыкоўныя зарплаты. Калі ж размова заходзіць пра тое, дзе ўзяць сродкі, каб зьмяніць у лепшы бок жыцьцё асноўнай масы народу, у адказ, як правіла, глухое маўчаньне або адгаворкі”.
Гэтыя словы выбарчая камісія назвала паклёпніцкімі. Як і характарыстыку сучаснага беларускага выбарчага працэсу:
Дэпутацкі корпус, які ў нас цалкам выбіраецца з чыноўнікаў, ня можа добраахвотна адмовіцца ад свайго шыкоўнага жыцьця ...
“Дэпутацкі корпус, які ў нас цалкам выбіраецца з чыноўнікаў, ня можа добраахвотна адмовіцца ад свайго шыкоўнага жыцьця і шматмільённых заробкаў. Трапіць туды сёньня, каб стаць народным абраньнікам, — няпроста. Бо ў раёне, як і ў цэлым у Беларусі, ідуць ня выбары, а прызначэньне дэпутатаў. Нельга назваць выбарамі тое, калі на дэпутацкае месца прэтэндуе адзін кандыдат. А ў нашым раёне гэта не выключэньне, а правіла. У абсалютнай большасьці акругаў пераможцаў на выбарах можна назваць ужо сёньня — імі стануць праўладныя дэпутаты, нашы чыноўнікі. Тыя, каго гадамі перасаджваюць з адной кіраўнічай пасады на другую. Тыя, хто дбаў і дбае толькі пра свой дабрабыт.
У тых жа акругах, дзе вылучаюцца іншадумцы, такія, як я, ім арганізаваны канкурэнты. Але галоўнае на гэтых выбарчых участках будзе адбывацца ня ў час галасаваньня, а ў час падліку. Бо старшыня камісіі выбіраецца таксама з чыноўнікаў, а таму ён абавязаны падлічыць галасы так, як “трэба”, каб такія, як я, туды ня трапілі”.
Тым ня менш напрыканцы прамовы Георгі Станкевіч заклікаў землякоў падтрымаць яго на выбарах — у якасьці альтэрнатывы праўладным кандыдатам. Але гэтага закліку пасьля забароны выбарчай камісіі выбарцы ўжо не пачуюць.