ЦВК просіць за Франка Вячорку перад Мінабароны

Франак Вячорка

ЦВК зьвярнуўся ў Мінабароны з просьбай даць указаньне камандаваньню часткі, дзе служыць Франак Вячорка, адпусьціць таго ў кароткатэрміновы адпачынак, каб ён мог правесьці перадвыбарчую агітацыю.

“Як адзначыў Франак, ЦВК ухіліўся ад яснага адказу, мае ён права на адпачынак ці не. Сапраўды, у законе аб статусе вайскоўцаў і ў Выбарчым кодэксе асобна не гаворыцца пра адпачынак для салдатаў. Аднак з гэтага вынікае, што павінны дзейнічаць канстытуцыйныя нормы: пра роўнасьць грамадзянаў перад законам, пра роўныя выбарчыя правы. Франак лічыць, што калі ён зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты, то павінен мець такія ж правы, як і яго супернік”, — адзначыў бацька палітпрызыўніка Вінцук Вячорка.

Вячорка-малодшы зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Мазырскага раённага савету (Гомельская вобласьць), нагадвае БелаПАН.